• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з урадам Швейцарыі

    09 сакавіка, 2021

    Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Берне з прэзідэнтам Федэральнай рады Швейцарыі Андрэасам Эбі, кіраўніком аддзела правоў чалавека Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Сымонам Гейсбюлерам і парламентарыямі камітэта замежных спраў Швейцарыі.

    На сустрэчах абраная лідарка Беларусі:

    – падзякавала Швейцарыі за салідарнасць з Беларуссю, падтрымку ўжо ўведзеных санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі;

    распавяла пра рэпрэсіі ў Беларусі і сітуацыю з палітзняволенай Наталляй Хершэ, грамадзянкай Швейцарыі беларускага паходжання. 22 лютага Наталля Хершэ абвесціла галадоўку, паколькі ёй не дастаўляюць карэспандэнцыю, і ніхто не ведае, у якім яна стане. Святлана Ціханоўская заклікала Швейцарыю прадпрымаць больш актыўныя дзеянні для вызвалення і рэабілітацыі Хершэ, пры гэтым Ціханоўская падзякавала за актыўную пазіцыю швейцарскага пасла ў Беларусі Клода Альтэрмата, які наведваў судовыя паседжанні над Хершэ і наведвае яе ў турме;

    – заклікала Швейцарыю падтрымаць усіх рэпрэсаваных беларусаў, незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць Беларусі;

    – прапанавала швейцарскаму ўраду і парламенту спрасціць умовы для беларускага прыватнага бізнесу, які можа рэлакавацца туды, у прыватнасці, it- і транспартную сферу;

    – заклікала далучыцца да трэцяга пакету санкцый ЕС, падтрымаць амерыканскія санкцыі, якія прадугледжваюць абмежаванне на ўезд, блакаванне фінансавай маёмасці і рахункаў у банках;

    – заявіла, што новыя выбары ў Беларусі павінны адбыцца ўжо восенню гэтага года і прайсці пад міжнародным наглядам АБСЕ, а таксама падкрэсліла, што перамовы павінны быць арганізаваныя з удзелам дэмакратычнай супольнасці Беларусі, пры медыяцыі краін Еўропы і Расіі. Швейцарскі бок гатовы аказаць падтрымку арганізацыі гэтых перамоваў;

    – падкрэсліла важнасць таго, каб Швейцарыя пачала расследаванне адмывання грошай беларускімі чыноўнікамі, якія могуць мець рахункі ў Швейцарыі. У пытанні такіх актываў важная празрыстасць;

    – заклікала Швейцарыю расследаваць магчымасць знаходжання актываў Лукашэнкі і яго «кашалькоў» у краіне, а таксама сабраць інфармацыю, ці заблакаваныя такія рахункі швейцарскімі банкамі. Таксама абраная лідарка Беларусі заклікала кліентаў швейцарскіх банкаў не набываць дзяржаўныя бонды, выпушчаныя ўрадам Беларусі;

    – абмеркавала з палітыкамі, як Швейцарыя можа паўдзельнічаць і падтрымаць механізм ААН па расследаванні і дакументаванні злачынстваў супраць правоў чалавека ў Беларусі. У найбліжэйшы тыдзень павінна быць прынятая адпаведная рэзалюцыя, і Швейцарыя гатовая падтрымаць яе рэалізацыю палітычна;

    – падзякавала Швейцарыі за дапамогу з адменай Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, непрызнанне МАКам Віктара Лукашэнкі ў якасці новага старшыні НАК Беларусі, а Дзмітрыя Баскава – чальцом выканкама. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што трэба ўводзіць больш санкцый супраць НАКа Беларусі з-за рэпрэсій супраць спартоўцаў, а таксама працягваць расследаванне па Дзмітрыю Баскаву.

    «Вызваленне Наталлі Хершэ павінна быць прыярытэтам для Швейцарыі. На сёння ў Беларусі 269 палітвязняў, і кожны з іх, як і Наталля, павінен быць на свабодзе, а не рэпрэсаваны за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў», – заявіла Святлана Ціханоўская.


    Фото: @ParlCH
    Апошнія навіны