• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў, спікерам і парламентарыямі Даніі

    10 кастрычніка, 2023

    10 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністрам замежных справаў Даніі Ларсам Локе Расмусанам. Палітыкі абмеркавалі праблемы беларусаў Даніі, многія з якіх апынуліся ў закладніках апошняга дэкрэту Лукашэнкі аб спыненні консульскіх паслуг за мяжой. Беларуская лідарка прапанавала лічыць пратэрмінаваныя пашпарты за дзейныя, працягнуць тэрмін дзеяння відаў на жыхарства, а таксама распачаць выдачу пашпартоў замежніка. Ціханоўская распавяла пра падрыхтоўку новага беларускага пашпарта і выказала спадзяванне на падтрымку Даніі ў гэтай ініцыятыве.

    Падчас сустрэчы абмеркавалі магчымасці прыцягнення рэжыму да адказнасці за вываз украінскіх дзяцей, як і за злачынствы супраць чалавечнасці, катаванні і рэпрэсіі. Святлана Ціханоўская ўзгадала судовы працэс супраць Юрыя Гараўскага ў Швейцарыі і выказала спадзяванне, што іншыя краіны пяроймуць гэты праклад. Ціханоўская прапанавала міністру звярнуцца да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, каб распачаць расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.

    Асобна гаварылі пра закрыццё шчылін у санкцыях, у прыватнасці праз Расію і краіны цэнтральнай Азіі. Беларуская лідарка адзначыла, што ў дачыненні да беларусаў нельга прымяняць візавыя абмежаванні – наадварот, неабходна падтрымаць тых, хто выязджае з краіны праз рэпрэсіі.

    Святлана Ціханоўская і Ларс Локе Расмусан таксама абмеркавалі супрацу ў межах Паўночнай рады міністраў, куды ўваходзяць скандынаўскія і балтыйскія краіны. «Гэта месца, дзе мы разам маглі б выпрацаваць эфектыўную стратэгію па Беларусі», – адзначыла Ціханоўская. Яна падзякавала міністру за падтрымку Міжнароднай платформы збораў доказаў злачынстваў Лукашэнкі і за спрыянне грамадскім і культурніцкім ініцыятывам, а таксама прывітала рашэнне Даніі далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЕ.

    Беларускую лідарку прыняў спікер дацкага Парламента Сёрэн Гадэ, пасля чаго яна выступіла перад парламенцкімі камітэтамі па замежных і еўрапейскіх справах. Ціханоўская заклікала дэпутатаў стаць хроснымі палітычных вязняў і стварыць групу сяброў дэмакратычнай Беларусі ў Парламенце. Такія групы ўжо створаныя ў 23 парламентах Еўропы і Паўночнай Амерыкі, а 7 лістапада запланаваная іх агульная сустрэча ў Берліне. Разам са спікерам Парламента Святлана Ціханоўская абмеркавала эфектыўнасць санкцыяў і агульнаеўрапейскай палітыцы па Беларусі. Ціханоўская распавяла пра спробы Расіі паглынуць Беларусь, а таксама пра мэтанакіраванае знішчэнне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў краіне.

    Беларуская лідарка наведала Дацкі інстытут культуры, які разам з Беларускай Радай культуры вядзе вялікую праграму падтрымкі культурніцкіх ініцыятываў.

    Акрамя гэтага, Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Міжнароднай платформы збораў доказаў злачынстваў рэжыму і дацкімі і беларускімі праваабаронцамі. Яны распавялі, што зараз рыхтуюць перадачу дакументаў у пракуратуры шэрагу краінаў для адкрыцця справаў у межах універсальнай юрысдыкцыі. Ціханоўская заклікала перадаваць справы ў суды, каб усе вінаватыя за злачынствы ведалі, што панясуць за іх адказнасць.

    9 кастрычніка лідарка выступіла перад Парламенцкай асамблеяй НАТА і сустрэлася з яе кіраўніцтвам. У выніках сустрэчы ўдзельнікі дамовіліся правесці мерапрыемства, прысвечанае Беларусі, а таксама падрыхтаваць новую справаздачу па Беларусі да наступнай сесіі Парламенцкай асамблеі. Вечарам таго ж дня Ціханоўская выступіла перад дацкай грамадскасцю і дыпламатычным корпусам у Капенгагене.

    Апошнія навіны