Беларуская лідарка разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валерам Кавалеўскім і Паўлам Латушкам сустрэліся з міністрам па еўрапейскіх справах Польшчы Адамам Шлапкам.
На сустрэчы абмеркавалі супрацоўніцтва ў рамках старшынства Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе, якое пачынаецца ў пачатку наступнага года, але падрыхтоўка пачалася ўжо зараз. Ціханоўская папрасіла міністра падтрымаць Еўрапейскі выбар для беларусаў і зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў у гэтым пытанні.
Бакі абмеркавалі стратэгію Еўрапейскага Саюза па Беларусі, якая б уключала ў сябе чатыры напрамкі:
- падтрымка беларусаў;
- ціск на рэжым;
- прыцягненне вінаватых да адказнасці;
- візія будучыні, а менавіта еўрапейская перспектыва для Беларусі.
Ціханоўская адзначыла, што важна пазбягаць практыкі вольнага крэсла, калі на міжнародных мерапрыемствах Беларусь не прадстаўляе ніхто. Яна падкрэсліла: важна, каб голас беларусаў быў чутны, каб дэмакратычныя сілы маглі прадстаўляць Беларусь у еўрапейскіх структурах і на мерапрыемствах.
Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ўзнімалі пытанні санкцыйнага ціску на рэжым, інструментаў прыцягнення вінаватых да адказнасці і падтрымкі ініцыятыў грамадзянскай супольнасці ў Польшчы.