Расследаванні, звароты сілавікоў і Усёабдымны план падтрымкі Беларусі.
Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай за 15-21 лютага:
– Ціханоўская правяла серыю тэлефанаванняў з актывам дваровых супольнасцяў з мэтай умацаваць і засцерагчы вулічны рух да будучых акцыяў і пратэстаў.
– Ціханоўская прызначыла Аляксандра Шлыка спецыяльным прадстаўніком па выбарах. Пра свае планы на гэтай пасадзе ён распавёў у інтэрв'ю TUT.by.
– Кіраўнік Кабінета Ціханоўскай Валер Кавалеўскі звярнуўся да супрацоўнікаў сілавых структур: «Мы не прыхільнікі пагалоўнай люстрацыі і пераследу невінаватых». Паток сілавікоў, якія звярнуліся ў ByPol, вырас пасля звароту.
– Святлана правяла анлайн-сустрэчы з лекарамі, валанцёрамі, маці 17-гадовага палітвязня Віталя Прохарава.
– Офіс Святланы Ціханоўскай працуе з Еўрапейскай камісіяй на тэму Усёабдымнага плана падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. План будзе ўключаць бязвізавы рэжым, макраэканамічную дапамогу і асаблівыя гандлёвыя ўмовы. Гэта дапаможа стабілізаваць сітуацыю ў краіне пасля сыходу Лукашэнкі.
– Прадстаўніца Ціханоўскай па адукацыі Вольга Шпарага паведаміла, што 12 рэпрэсаваных выкладчыкаў з Беларусі атрымалі працу ў Літве.
– Святлана Ціханоўская выступіла на анлайн-сустрэчы, прымеркаванай да 46-й сесіі Рады па правах чалавека з удзелам спецдакладчыцы ААН Анаіс Марын і міністра замежных спраў Даніі Епэ Кофада. У найбліжэйшы час будзе запушчаны механізм міжнароднага расследавання.
– Ціханоўская абмеркавала з дарадцам Байдэна і кіраўніком МЗС Літвы вырашэнне крызісу ў Беларусі і заклікала ЕС разам з ЗША да ўзгодненай дапамогі беларусам.
– Святлана заклікала адсвяткаваць 23 лютага Дзень герояў пераменаў замест навязанага старога «свята».
– Ціханоўская зачытала агульную дыктоўку з нагоды Дня роднай мовы. Трансляцыя з дыктоўкай пачнецца а 18 гадзіне на YouTube-канале.
– У ЗША прынялі санкцыі супраць 43 беларускіх чыноўнікаў, у Вялікабрытаніі – супраць 27. «Гэта пацвярджэнне таго, што ў свеце сочаць за сітуацыяй у Беларусі», – пракаментаваў Валер Кавалеўскі.
– У межах Стратэгіі перамогі беларусаў рыхтуецца да запуску сайт-платформа, на якой кожны жадаючы зможа далучыцца да агульнага руху.
– Кабінет Святланы Ціханоўскай апублікаваў прыярытэты міжнароднай палітыкі на 2021 год.
– Святлана Ціханоўская правяла некалькі тэлефанаванняў у Clubhouse, адказала на пытанні беларусаў у інстаграме і пагутарыла з Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым у прамым эфіры ў інстаграме.
– У еўрапейскія структуры накіраваныя прапановы па ўключэнні ў санкцыйныя спісы суддзяў і пракурораў, якія разглядаюць справы палітвязняў. Пытанне Беларусі ўнесенае ў парадак Рады замежных спраў ЕС у лютым. Санкцыі могуць быць прынятыя ў сакавіку.