Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц патэлефанаваў Святлане Ціханоўскай пасля паведамлення пра спробу суіцыду Сцяпана Латыпава, які паспрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда. Ціханоўская распавяла пра ціск на палітвязняў і катаванні ў турмах. «Сцяпан – гэта новая ахвяра рэжыму, і з кожным днём іх становіцца ўсё больш. Таму мы і кажам пра неабходнасць рашучых дзеянняў – у нас больш няма часу чакаць. Мы заклікаем Аўстрыю падтрымаць чацвёрты пакет санкцый і разглядзець пяты. І не менш важна зараз дапамагаць грамадзянскай супольнасці Беларусі», – заявіла Ціханоўская.
Яна таксама падзякавала Курцу, што ён падняў пытанне крызісу Беларусі ў размове з Пуціным пасля сустрэчы з ёй у красавіку: «Рэжым стаў таксічным нават для Расіі. Я ўпэўненая, Крэмль бачыць, што Лукашэнка страціў падтрымку народа і сусветнай супольнасці і ўжо не верне яе ніколі. Таму цяпер у інтарэсах усіх, у тым ліку Расіі, не дапусціць грамадзянскага канфлікту ў Беларусі».
Себасцьян Курц спытаў, чым Аўстрыя можа дапамагчы беларусам, акрамя санкцый і праграм дапамогі, і Святлана Ціханоўская прапанавала Аўстрыі ўзяць на сябе ініцыятыву правядзення міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўня па вырашэнні крызісу ў Беларусі. Курц таксама запрасіў Ціханоўскую выступіць на Форуме Еўропы ў аўстрыйскім Вахаў, каб падняць на ім пытанне рэгіянальнай бяспекі.