«Вітаю, дарагія беларускі!
Я ведаю, што мы можам быць вельмі рознымі. Бо беларуская жанчына – гэта і ўсмешка Марыі Калеснікавай. І бясстрашнасць Ніны Багінскай. Гэта бясцэнны вопыт Лілі Уласавай, якую называюць маці беларускай медыяцыі. І гэта стойкасць Наталлі Херш, якая абвясціла галадоўку. Беларуская жанчына – гэта матчын клопат Дашы Лосік, якая гадуе дачку, пакуль муж у турме. І гэта прафесійны гонар журналістак Каці Андрэевай, Дашы Чульцовай і Кацярыны Барысевіч. Гэта добрае сэрца Волі Хіжынковай і тэмперамент Аланы Гебрэмарыям.
Але ёсць тое, што аб'ядноўвае ўсіх нас – і тых, хто ўжо паўгода адкрыта выказвае свой пратэст, і тых, хто не пераадолеў страх, але так жа чакае пераменаў. Гэта любоў і сіла беларусак. Кожная з нас з вамі любіць сваіх дзяцей і хоча для іх бяспекі. Кожная хоча мець магчымасць выбіраць сваю дарогу – будаваць кар'еру або сям'ю, жыць у вялікім горадзе ці маленькім гарадку, быць палітыкам або хатняй гаспадыняй – і ганарыцца сваім выбарам. Кожная з нас хоча, каб яе паважалі і бераглі – і родныя людзі, і дзяржаўныя законы.
Жанчыны заўсёды рабілі для Беларусі вельмі шмат, але за апошні год беларускі здзейснілі немагчымае. І сёння, 8 сакавіка, у дзень жаночай салідарнасці я хачу павіншаваць вас, дарагія мае беларускі. 2020-ты паказаў, што нашай любові і сілы хопіць на ўвесь свет. Я ўпэўненая, што адзначаючы гэтае свята, сёння ўвесь свет захапляецца менавіта беларускімі жанчынамі. І я ганаруся і шчаслівая быць адной з вас».