Гэта першы афіцыйны візіт беларускай лідаркі ў Канаду.
Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Джасцінам Трудо, міністаркай замежных справаў Мэлані Жалі, міністаркай абароны Анітай Ананд, спікерам Сенату Джорджам Фʼюры, выступіла перад дэпутатамі, экспертнай супольнасцю, студэнтамі. Таксама Ціханоўская правяла сустрэчу з Івонкай Сурвілай, старшынёй Рады БНР, і выступіла ў дыскусіі на Міжнародным форуме ў Галіфаксе.
Пра што дамовіліся падчас візіту?
- Па выніках візіту Канада ўвяла санкцыі супраць 22 чыноўнікаў і 16 кампаніяў за падтрымку вайны супраць Украіны. Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі, – Белтэлерадыёкампанія, Белнафтахім, 557 авіярамонтны завод, Сінэзіс, Брэміна, Прэзідэнцкі спартовы клуб, а таксама Азаронак, Гладкая, Баскін, Галоўчанка, Вальфовіч, Алексін, Кубракоў і сам Лукашэнка, вядома.
- Канада разгледзіць да канца года пакет падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Ужо была нададзеная падтрымка на 3 мільёны канадскіх даляраў жаночым ініцыятывам, праваабаронцам, медыям, а таксама беларускаму праекту Chatham House, які праводзіць апытанні грамадскай думкі ў Беларусі.
- У Канадзе будзе пашыраная парламенцкая група сяброў дэмакратычнай Беларусі. Праз яе будзе адбывацца афіцыйная камунікацыя паміж парламентам Канады і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
- Канада будзе ўздымаць пытанне Беларусі ў G7, АБСЕ і ААН, каб не дапусціць паглынання Беларусі Расіяй, а таксама прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за тэрор у Беларусі і вайсковыя злачынствы супраць Украіны.
- На сустрэчы з Івонкай Сурвілай абмеркавалі неабходнасць падтрымліваць беларускую дыяспару – як у Канадзе, так і па ўсім свеце, а таксама важнасць супольных захадаў у абарону беларускай незалежнасці.
- Ціханоўская прапанавала Канадзе разглядзець магчымасць запуску і падтрымкі рэабілітацыйнай праграмы для дзетак палітвязняў па прынцыпе чарнобыльскіх праграмаў, і стажыровак ды стыпендыяў для беларусаў. Ціханоўская папрасіла Канаду забяспечыць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне неабходнымі зімовымі рэчамі і абсталяваннем.
- Ціханоўская заклікала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму, а КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, і таксама арганізаваць слуханні па Беларусі ў абедзвюх палатах парламента.