Паважаныя члены Сейма,
Шаноўныя сябры,
Скажу шчыра: сёння ў беларускага народа няма сябра лепш, чым Літва. У разгар палітычнай і гуманітарнай катастрофы, якую перажывае наш народ, нам патрэбныя сапраўдныя сябры і моцныя саюзнікі. Такія, як вы.
Дазвольце мне скарыстацца магчымасцю і падзякаваць вам за ўсё тое, што літоўцы робяць для нас. Беларусы ніколі не забудуць тую дапамогу, якую вы аказалі нам пасля 2020 года. Вы падтрымалі беларусаў падчас масавых пратэстаў. Літва выратавала тысячы людзей, якія ратаваліся ад тэрору, якога Беларусь не бачыла са сталінскіх часоў.
Ваша краіна падае іншым еўрапейскім краінам прыклад прынцыповай і рашучай пазіцыі. Літва не пайшла на змовы з Лукашэнкам і стала нашым голасам на міжнароднай арэне.
Сёння нам, беларусам, каб вырвацца з лап расійскай тыраніі, як ніколі патрэбная падтрымка Літвы і літоўскага народа.
У апошні час у літоўскіх СМІ і Інтэрнеце абмяркоўваюць выказванні ананімных правакатараў, якія зневажаюць Літву і літоўскі народ. Запэўніваю Вас, што падобныя антылітоўскія выказванні з'яўляюцца маргінальнымі ў беларускім грамадстве і не падзяляюцца большасцю.
Заявы такіх правакатараў абуральныя і абсурдныя. Яны супярэчаць асноўным прынцыпам дэмакратыі і нацыянальным інтарэсам беларусаў.
Дазвольце мне пазначыць нашу агульную пазіцыю: у нас няма і ніколі не будзе ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да Літвы. Літоўская зямля і літоўская дзяржава належаць толькі літоўцам. У гэтым няма ніякіх сумневаў.
Сапраўдныя беларусы поўнасцю паважаюць суверэнітэт Літвы, яе гісторыю і самабытнасць.
Бясспрэчна, мэта гэтых правакатараў – разбурыць давер і атруціць сяброўства паміж беларусамі і літоўцамі. Яны хочуць падзяліць нас, каб зрабіць беларусаў часткай «рускага свету». Але я спадзяюся, што гэтыя правакатары штораз будуць цярпець няўдачы, а з-за іх правакацый нашае сяброўства толькі ўмацуецца.
Але мы ставімся да гэтай праблемы сур'ёзна. Мы разумеем, чаму літоўцаў хвалююць пытанні бяспекі. Агентам Лукашэнкі не павінна быць месца ні ў Літве, ні ў Еўрасаюзе – яны павінны быць дэпартаваныя. І мы гатовы дапамагчы літоўскім уладам выяўляць іх.
Давайце таксама памятаць, што рэжым і беларусы – гэта не адно і тое ж. Яны адзін аднаму ворагі. Рэжым вядзе вайну супраць нашага народа.
Мы разумеем, чаму ў Літве абмяркоўваецца закрыццё межаў з Беларуссю. Але абавязкова павінен заставацца гуманітарны калідор для беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў. Без такога калідора яны не змогуць выратаваць сваё жыццё і свабоду.
Таму я спадзяюся, што палітыка літоўскага ўрада ў адносінах да Беларусі не зменіцца. Гэтая палітыка павінна ўключаць, з аднаго боку, ізаляцыю рэжыму, а з другога – падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за вызваленне сваёй краіны.
Шаноўныя сябры,
Тыя беларусы, якія прыязджаюць у Літву, больш за ўсё на свеце жадаюць вярнуцца дадому. Мы шануем гасціннасць Літвы, але мы прыехалі сюды толькі часова. Наша сапраўднае жаданне – жыць у сваёй краіне і самастойна вырашаць свой лёс. Нас натхняе шлях Літвы да свабоды і незалежнасці.
Беларусы таксама ідуць гэтым шляхам. І ў ягоным канцы, як і сённяшняя Літва, Беларусь стане сябрам Еўрапейскага Саюза.
Так, сёння гэта падаецца далёкай мэтай. Але я веру, што мы да яе прыйдзем. Для гэтага нам вельмі патрэбна, каб літоўцы і далей заставаліся нашымі самымі блізкімі саюзнікамі. Чым мацней будзе наша беларуска-літоўскае сяброўства, тым горш будзе нашаму агульнаму ворагу – расійскаму імперыялізму.
Дзякуй!