Сёння в.а. канцлера Германіі Ангела Меркель патэлефанавала Святлане Ціханоўскай. Яны абмеркавалі крызіс на мяжы Беларусі і ЕС, сітуацыю з палітвязнямі і адказ на эскалацыю рэпрэсій.
Меркель падкрэсліла нязменную падтрымку Германіяй беларускага дэмакратычнага руху. Яна запэўніла, што палітычнае кіраўніцтва Германіі зробіць усё магчымае, каб скончыць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў, вызваліць зняволеных па палітычных прычынах і правесці сумленныя і свабодныя выбары.
Ціханоўская падзякавала Меркель за падтрымку народа Беларусі на працягу апошняга года і гатоўнасць захоўваць прынцыповасць у дачыненні да рэжыму: «Сёння мяне запэўнілі, што і ЕС, і Германія будуць цвёрда прытрымлівацца палітыкі непрызнання рэжыму. Кансультацыі ў пытаннях вырашэння крызісу на мяжы не азначаюць, што пазіцыя ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі змянілася».
Ціханоўская таксама падкрэсліла, што разумее гуманітарныя мэты кантактаў Ангелы Меркель з Мінскам: «Жыцці і здароўе як мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС, так і грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў закладніках у рэжыма, павінны стаяць у цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці. Сітуацыю ж на мяжы трэба разглядаць толькі ў сукупнасці і праз прызму палітычнага крызісу ў Беларусі».