• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Мы ствараем аператыўны штаб дэмакратычных сілаў». Ціханоўская, КР і НАК выступілі з сумеснай прэс-канферэнцыяй

    21 студзеня, 2022

    «Добры дзень.

    Дзякуй, што сабраліся так тэрмінова. Многія ўночы ехалі з Варшавы, я ўдзячная ўсім партнёрам, хто адклаў справы і прыехаў, каб разам выступіць перад беларусамі.

    Учора рэжымам быў абвешчаны нелегітымны «рэферэндум». Гэта спроба ўтрымаць уладу, але гэта ніяк не вырашае палітычны, эканамічны і гуманітарны крызіс і праблемы людзей. Гэта не выбар «за» і «супраць», гэта проста прапанова абраць паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. І гэта не тое, за што беларусы змагаліся і працягваюць змагацца. Беларусы хочуць нармальнага жыцця, бяспекі, свабоды. Беларусы хочуць новыя сумленныя выбары.

    Мы былі гатовыя да такога сцэнара. Учора мы ўжо накіравалі лісты ад імя майго Офіса, КР і НАК усім міжнародным партнёрам. Мы заклікалі не прызнаваць так званы «рэферэндум», падтрымаць патрабаванні беларусаў пра вызваленне палітвязняў і правядзенне новых выбараў. І ўзмацніць ціск на рэжым у выпадку працягу рэпрэсій.

    Сёння я хачу абвесціць, што на перыяд кампаніі мы ствараем аператыўны штаб дэмакратычных сілаў. Гэта каардынацыйны цэнтр, які пачынае працу сёння. Перад «рэферэндумам» мы збярэмся ў адным офісе ў Вільні, каб працаваць побач і разам.

    У аператыўным штабе ёсць палітычныя структуры і грамадзянскія ініцыятывы, і мы запрашаем усіх, хто хоча далучыцца да нашай працы. Нас ужо шмат хто падтрымлівае, на сайце кампаніі можна ўбачыць мноства ініцыятываў і супольнасцяў унутры Беларусі, якія падтрымалі стратэгію. Вы можаце напісаць нам на пошту, у чат-бот Офіса ці чат-боты партнёраў. Усе кантакты можна знайсці ў нашых тэлеграм-каналах.

    За што адказваюць удзельнікі аператыўнага штаба?

    Нашыя галоўныя палітычныя саюзнікі – КР і НАК. З імі мы дамовіліся на адзіную стратэгію і сумесна вядзем гэтую кампанію.

    У аператыўным штабе ёсць і грамадзянскія ініцыятывы, яны граюць ключавую ролю. Платформа «Голас» займаецца альтэрнатыўным падлікам галасоў. «Честные люди» – ініцыятары кампаніі, якія ўзялі на сябе вялізны пласт працы – адказваюць за дастаўку інфармацыі грамадству, улёткі, працу з тымі, каго прымушаюць быць чальцамі выбарчых камісій. «Зубр» адказвае за фіксацыю парушэнняў на ўчастках і адзнакі іх на мапе.

    У аператыўны штаб уваходзіць і Байпол – каб займацца інфармацыйнай бяспекай, адсочваць і аналізаваць аператыўную абстаноўку і сітуацыю ў шэрагах сілавікоў і чыноўнікаў для выпрацоўкі рашэнняў.

    Мы цесна працуем з дыяспарай – Народнымі пасольствамі і Беларусамі замежжа – і падтрымліваем правядзенне экзіт-полаў і мітынгаў у розных гарадах і краінах.

    Мы робім усё гэта, каб падтрымаць, у першую чаргу, дзеянні беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі.

    Мы заклікаем грамадзян прыходзіць на ўчасткі і выконваць дзеянне з бюлетэнем: рабіць яго нядзейсным, перакрэсліваючы ўсе прапанаваныя варыянты. І пацвярджаць свае дзеянні на платформе «Голас» – гэта дазволіць паказаць рэальную сітуацыю на кожным участку ў кожным горадзе.

    Зрабіць бюлетэнь нядзейсным і прагаласаваць у «Голасе» – гэта легальны і даступны кожнаму спосаб выказаць сваё стаўленне да сістэмы, нават калі пасля лета 2020 вы мала ўцягваліся ў палітыку. Нелегітымны рэжым не цікавіцца дабрабытам грамадзян, не турбуецца пра кошты, якія растуць, пра пандэмію, масты, якія разбураюцца. Стабільнасць засталася толькі ў тэлевізары. Таму мы павінны зрабіць усё, каб перашкодзіць Лукашэнку ўтрымаць уладу, бо ён дзейнічае толькі ў сваіх інтарэсах, а не ў інтарэсах беларусаў. І кожны дзень узмацняе крызіс.

    Кожны з вас, у каго ёсць яшчэ ідэі, як выкарыстоўваць нелегітымны «рэферэндум», каб паказаць волю народа. Кожны з вас, хто гатовы шчыльна ўключыцца ў працу ў межах стратэгіі і рыхтавацца да 27 лютага – наш саюзнік, і мы будзем радыя бачыць вас з намі. Пішыце нам і далучайцеся.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны