• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Зварот Святланы Ціханоўскай да Парламенцкай асамблеі АБСЕ. 24 лютага 2023 г., Вена

    25 лютага, 2023

    «Паважаная Прэзідэнт Маргарэта Седэрфельт!
    Паважаны генеральны сакратар Раберта Мантэла!
    Паважаныя высокія асобы, дарагія сябры,

    Для мяне вялікі гонар і прывілей звяртацца да вас сёння ад імя беларускага народа, які працягвае бясстрашна змагацца за свабоду і дэмакратычныя каштоўнасці. Важна, каб голас Беларусі быў пачуты.

    Мы падзяляем каштоўнасці Парламэнцкай асамблеі АБСЭ. І я ўпэўненая, што вельмі хутка тут будуць прысутнічаць і прадстаўнікі дэмакратычна абранага парламенту. І я ўпэўненая – яны не будуць сядзець на апошніх шэрагах у гэтай залі.

    Сёння, калі мы адзначаем год з дня ўварвання Расіі ва Украіну, я хачу перадаць сваё пасланне ўсім украінцам. Беларусь з вамі. Увесь свет з вамі. Змагайцеся за кожную кроплю сваёй зямлі. Змагайцеся за годнасць, справядлівасць і сваю нацыю. Мы ўсе захапляемся вашай адвагай і адзінствам. Безумоўна, Расія прайграе.

    Лёсы Беларусі і Украіны ўзаемазвязаны. Мы змагаемся з адным злом. Мы змагаемся з тыраніяй і імперскай агрэсіяй Крамля. Яна не разглядае Беларусь і Украіну як незалежныя дзяржавы. Яна хоча зняволіць і наш народ. Але гэта не атрымаецца.

    Перамога Украіны дапаможа нашай барацьбе і наадварот. Найлепшай дапамогай для Украіны будуць дэмакратычныя змены ў Беларусі. А свабодная Беларусь будзе самай моцнай абаронай ад Пуціна.

    Рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам Пуціна ў гэтай вайне. Без яго дапамогі ніколі б не адбылося зверства ў Бучы ці Ірпені. Без яго дапамогі не загінулі б тысячы людзей. Ён павінен несці поўную адказнасць і павінен быць прыцягнуты да адказнасці за ваенныя злачынствы і за злачынствы супраць чалавечнасці.

    Наўрад ці знойдзецца хоць адзін артыкул Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які не быў бы парушаны гэтым нелегітымным рэжымам.

    З 2020 года было рэпрэсавана больш за 60 тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Штодня незаконна затрымліваюць у сярэднім 17 чалавек. Яны атрымліваюць тэрміны 5, 10, 15 гадоў зняволення за мірныя акцыі палітычнай нязгоды. Толькі летась больш за 5 тысяч трапілі за краты па палітычных матывах. Сёння 1500 чалавек прызнаныя палітвязнямі.

    Яны падвяргаюцца фізічнаму гвалту і псіхалагічным катаванням. Ім адмаўляюць у асноўных правах чалавека і ў зносінах з іншымі. Яны не атрымліваюць ні лістоў, ні бандэроляў, ні ежы, ні грашовых пераводаў. Для пазначэння палітвязняў выкарыстоўваюцца спецыяльныя біркі, каб турэмшчыкі ведалі, каго больш старанна катаваць.

    Сярод іх наш лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, якога зараз судзяць разам з іншымі праваабаронцамі з «Вясны». Верагодна, на наступным тыдні яму прысудзяць 12 гадоў пазбаўлення волі.

    Сярод іх мой муж Сяргей Ціханоўскі. На мінулым тыдні яго зноў судзілі па новых ілжывых абвінавачваннях, каб дадаць яшчэ больш да яго 18-гадовага зняволення. Ён сядзіць у адзіночнай камеры, і мае дзеці яго не бачылі тры гады. Дзяржаўная прапаганда пусціла чуткі, што ён памёр. Рэжым робіць усё, каб яго зламаць і ціснуць на мяне. Але гэта ніколі не зламае яго, і ніколі не зламае мяне.

    Мэта рэжыму — фізічна і маральна знішчыць апанентаў, пасеяць расчараванне і апатыю. Беларусь стала адным вялікім ГУЛАГам. Дэнансаваўшы Факультатыўны пратакол Міжнароднага пакта па грамадзянскіх і палітычных правах (ICCPR), рэжым пазбавіў беларусаў апошняй магчымасці скардзіцца на парушэнні правоў чалавека на міжнародным узроўні.

    Нават тыя беларусы, якія ўцяклі ад гэтых рэпрэсіяў, не ў бяспецы. Рэжым захапіў самалёт Ryanair, каб арыштаваць журналіста Рамана Пратасевіча. Рэжым канфіскоўвае дамы ў людзей, якія з’ехалі. Іх сем'і бяруць у закладнікі. Амбасады Лукашэнкі анулююць і не працягваюць пашпарты. Тысячы людзей засталіся без аховы дзяржавы і без дакументаў.

    Але рэжым не здолеў задушыць прагу нашых людзей да свабоды. Нягледзячы на масавы тэрор, людзі працягваюць супраціў. Яны аб'ядноўваюцца ў невялікія групы, далучаюцца да партызанскіх рухаў, праводзяць дыверсійныя акцыі і акцыі непадпарадкавання, распаўсюджваюць праўдзівыя навіны ды інфармацыю.

    Ліквідаваныя СМІ і НДА аднавілі сваю дзейнасць з эміграцыі. Дэмакратычныя сілы застаюцца аб'яднанымі вакол ідэі мірных дэмакратычных пераменаў. Наша мэта — вярнуць нашу краіну і правесці свабодныя і справядлівыя выбары. Вядома, мы хочам дыялогу, але дыялог не можа адбывацца ў такой атмасферы тэрору і рэпрэсій.

    Дарагія сябры,

    Я ўпэўненая, што Парламенцкая Асамблея АБСЕ можа адыграць канструктыўную ролю ў дэмакратычным пераходзе ў Беларусі. Таму я прашу вас трымаць Беларусь у сваёй павестцы дня. Прашу вас разглядзець прыняцце спецыяльнай рэзалюцыі па Беларусі на летняй сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Мы гатовыя працаваць над гэтым разам.

    Я таксама прашу вас арганізаваць на летняй сэсіі дыскусію па беларускай павестцы дня. Я заклікаю вас выказвацца пра парушэнне правоў чалавека і ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Запрасіце прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці да абмеркавання стратэгіі АБСЕ па Беларусі. Я ўпэўненая, што калі мы аб'яднаем ваш досвед і веды, разам мы зможам зрабіць значна больш.

    Я заклікаю АБСЕ адлучыць лукашэнкаўскіх дэпутатаў ад удзелу ва ўсіх мерапрыемствах. Пасля 1994 году ніводныя прэзыдэнцкія і парламенцкія выбары ў Беларусі не былі прызнаныя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (ODIHR) і АБСЭ адпаведнымі дэмакратычным стандартам. Дэпутаты, якіх сюды пасылае Лукашэнка, — не абіраюцца народам свабодна.

    Яны не толькі не маюць мандата, дык яшчэ і з’яўляюцца злачынцамі, якія здрадзілі нашаму народу. Што гэтыя людзі яшчэ робяць у міжнародных арганізацыях? Каго яны прадстаўляюць? На якой падставе яны атрымліваюць права голасу ад імя беларусаў?

    Замест гэтага я прапаную праз фракцыі Асамблеі далучыць да працы ПА АБСЭ прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху. Зробім галасы свабоднай Беларусі гучнымі і выразнымі. Я разумею, што ёсць рэгламент і пэўныя межы. Але цяпер незвычайны час, і ён патрабуе нестандартных рашэнняў.

    Дарагія сябры,

    Запэўніваю вас, што свабодная Беларусь стане вашым добрым суседам і паважаным партнёрам. Яна будзе выконваць міжнародныя нормы і абавязкі. Яна будзе партнёрам па стабільнасці і бяспецы ў рэгіёне. Яна будзе паважаць правы чалавека і дэмакратычныя працэдуры. Мы правядзем усе неабходныя рэформы і зоймем сваё месца ў першым шэрагу.

    Сёння мы разам будуем будучыню Еўропы. І ў гэтай будучыні не павінна быць месца вайне, прыгнёту і тыраніі. Гэты час скончыўся.

    Дзякуй».
     

    Апошнія навіны