Святлана Ціханоўская ў Таліне сустрэлася з прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд. Кальюлайд ушанавала хвілінай маўчання памяць Вітольда Ашурка і ўсіх ахвяраў рэжыму, згадала справу TUT.by і затрыманне Рамана Пратасевіча разам з Сафіяй Сапега. Яна сказала, што падчас свайго прэзідэнцтва ў Радзе бяспекі ААН Эстонія зробіць усё, каб падымаць тэму Беларусі і аказваць максімальны ціск на рэжым Лукашэнкі і яго памагатых.
Таксама Керсці Кальюлайд правяла сумесную прэс-канферэнцыю са Святланай Ціханоўскай. Яна назвала Ціханоўскую лідаркай беларускага народа, а Ціханоўская ў сваю чаргу падзякавала Эстоніі за такую безальтэрнатыўную дэкларацыю падтрымкі беларусаў і ціск на рэжым: «Рашучыя дзеянні Еўропы зараз дапамагаюць і Раману Пратасевічу, і ўсім палітвязням, і ўсяму народу Беларусі».