Падчас сесіі Генасамблеі ААН кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай Еўрапейскай Камісіі Урсулай фон дэр Ляен. Гэта была іх другая сустрэча з 2020 года і першая пасля стварэння галоўнай беларускай выканаўчай структуры ў жніўні гэтага года.
На гэтай сустрэчы Ціханоўская звярнула асаблівую ўвагу на тыя рызыкі, якія нясе для незалежнасці Беларусі апошняе рашэнне Уладзіміра Пуціна пра ваенную мабілізацыю ў сувязі з поспехамі ўкраінскіх узброеных сілаў.
Абмеркавалі таксама перспектывы выдзялення Еўрасаюзам дадатковых сродкаў на дапамогу грамадзянскай супольнасці: праваабаронцам, медыям, культурным, адукацыйным, моладзевым і спартовым ініцыятывам. У гэтым годзе дапамога ЕС для Беларусі складае 30 мільёнаў еўра, з улікам таго, што задачы грамадзянскай супольнасці Беларусі значна ўскладніліся пасля пачатку вайны. Кабінетам вядуцца перамовы з Еўрасаюзам пра павелічэнне аб’ёмаў дапамогі для Беларусі на наступны фінансавы год.
Адначасова беларуская лідарка заклікала да захавання і ўзмацнення санкцый датычна рэжыма і яго памагатых, каб пазбаўляць іх рэсурсаў на правядзенне рэпрэсій, і каб прымушаць вызваляць палітзняволеных. У гэтым кантэксце Святлана Ціханоўская заклікала прэзідэнтку ЕК прызнаваць незаконным заканадаўства аб пазбаўленні грамадзянства беларусаў – апанентаў рэжыма. Разам з тым, беларуская лідарка падкрэсліла важнасць захавання пагаднення ЕС з Беларуссю пра спрошчаныя працэдуры атрымання візаў для беларусаў і новых практычных крокаў да вырашэння міграцыйных праблемаў.
Кіраўніцы дамовіліся пра працяг перамоваў на працоўным узроўні па шэрагу актуальных праектаў.