• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Дэмакратычная Беларусь – гэта перадусім людзі, беларусы і беларускі, гэта – вы», – Святлана Ціханоўская – на закрыцці Канферэнцыі Новая Беларусь

    04 жніўня, 2024

    Канферэнцыя «Новая Беларусь» завяршылася фінальнай прамовай беларускай лідаркі: 

    «Дарагія сябры! 

    Перадусім, дзякуй Вам за гэтыя дні, што мы правялі разам у межах канферэнцыі «Новая Беларусь 2024».

    Хачу падзяліцца з вамі адной прыватнай гісторыяй. Ведаеце, сябры, учора на канферэнцыі да мяне падышла актывістка і падзялілася назіраннем. Вельмі, як мне падалося, цікавым назіраннем. Яна сказала, што год таму мела шмат прэтэнзій да, як яна сказала, беларускіх дзеячаў: да Ціханоўскай, Коўшык, Латушкі, Вячоркі… І ўвесь час абуралася, што мы робім ці замала, ці не тое, ці не так. І настолькі яе гэта раздражняла, што яна сама вырашыла запусціць сваю ініцыятыву – і паказаць, як трэба. Вось як бывае.

    І ведаеце, якім быў вынік?.. 

    Першы месяц яна лётала на крылах, на другі атрымалася злезці з антыдэпрэсантаў, на трэці – яна чакала ўдзячнасці ад усіх, каму дапамагала, а вось на чацвёрты… На чацвёрты месяц – ужо да яе пачалі прылятаць прэтэнзіі, што яна робіць ці замала, ці не тое, ці не так. І тут яна зразумела. 

    Я думаю, кожны і кожная з вас праходзілі праз гэта, але гэта не спыніла вас. Не забіла ваш энтузіязм. Вы працягваеце сваю працу, нягледзячы на крыўды, на крытыку, на ўсе выпрабаванні.  

    Таму, як учора сказала Анжаліка Мельнікава, давайце часцей задаваць сабе пытанне «што я магу зрабіць для Беларусі?», а не «што Ціханоўская ці нехта іншы можа зрабіць для мяне?». І дзякуй за тое, што вы робіце.

    Я вельмі радая, што цягам двух дзён па некаторых пытаннях мы здолелі дамовіцца. Недзе паспрачацца. Па некаторых – давядзецца яшчэ паразмаўляць. Дазвольце падсумаваць галоўныя вынікі.

    Першае. Мы прэзентавалі новых прадстаўнікоў у склад Кабінета. У бліжэйшыя тыдні новыя прадстаўнікі павінны будуць прайсці працэдуру ўзгаднення ў Каардынацыйнай радзе, перад тым, каб паўнавартасна заступіць на свае пасады. Але я радая, што далучаюцца новыя людзі, і спадзяюся, што гэта дасць кабінету новае дыханне. 

    Другое. Мы прынялі пратакол узаемадзеяння ўнутры дэмакратычных сілаў. Гэты дакумент – асноватворны. Гэта правілы, па якіх мы будуем не толькі нашае супрацоўніцтва, але і давер унутры дэмакратычных сілаў. Мы зафіксавалі ролі і абавязкі кожнага інстытуту дэмакратычных сілаў.

    Трэцяе. Мы прынялі «Платформу 2025». Гэта агульная рамка для нашай працы. Гэтую платформу падтрымалі як палітычныя структуры, так і грамадскія ініцыятывы. Платформа адкрытая для падпісання, далучайцеся. Цяпер трэба напоўніць гэтую платформу практычнай дзейнасцю. Я чакаю, што кожны возьме на сябе кавалак працы. Бо працы сапраўды шмат, і кожнаму знойдзецца месца. 

    Мы акрэслілі прыярытэты на 2025-ы. У першую чаргу – гэта вызваленне і дапамога палітвязням. Абарона інтарэсаў Беларусі і беларусаў. Інстытуцыялізацыя дэмакратычных сілаў.  Еўрапейскі выбар. Дапамога медыя, грамадзянскай супольнасці і беларусам унутры краіны. Прыцягненне рэжыму да адказнасці. 

    Не даць рэжыму перагарнуць старонку, не даць яму замарозіць сітуацыю, пакуль людзі ў турмах, а краіна паняволеная. Лукашэнкаўскія выбары не будуць ні законнымі, ні справядлівымі. І мы будзем дабівацца іх непрызнання. Мы выпрацуем супольную стратэгію, што рабіць у дзень «безвыбараў», да і пасля яго.

    Чацвёртае. Мы прэзентавалі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі рэпрэсаваным. Гэта практычны вынік вялікай супольнай працы многіх ініцыятываў, і прыклад салідарнасці замежных дзяржаваў. 

    Пятае. Па выніках канферэнцыі і нашых з вамі дыскусіяў, былі распрацаваныя праекты дэкларацыяў. «Аб падтрымцы палітвязняў», «Аб падтрымцы незалежных медыя». Прынятыя дэкларацыі «Аб прыярытэтах замежнай палітыкі», «Аб аднаўленні справядлівасці», і «Аб выбарах 2025». Ужо сёння яны з’явяцца на сайце. Гэтыя дэкларацыі адкрытыя для падпісання як удзельнікамі канферэнцыі, так і партнёрскімі арганізацыямі.

    Дарагія мае, 

    Дэмакратычная Беларусь – гэта перадусім людзі,  беларусы і беларускі, гэта – вы. І для мяне асабіста ваш давер – гэта найбольшая каштоўнасць і матывацыя. 

    Я хачу падзякаваць кожнаму з вас за плённую працу сёння. 

    Дзякуй Офісу, Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету і Каардынацыйнай Радзе.

    Дзякуй вядучаму Канстанціну Каверыну.

    Дзякуй усім арганізатарам, валанцёрам, перакладчыкам! Вы зрабілі вялікую працу, і я думаю, заслугоўваеце апладысментаў!

    Дзякуй журналістам. Дзякуй замежным гасцям і дыпламатам – за вашую салідарнасць.

    Дзякуй гледачам з Беларусі. Нягледзячы на ўсе абвінавачванні рэжыму, вы былі з намі, а мы былі з вамі ў гэтыя дні.

    Дзякуй усім удзельнікам – за тое, што спрабавалі пачуць адно аднаго.

    Дзякуй мадэратарам за падрыхтаваныя дыскусіі. 

    Дзякуй усім, хто пісаў паведамленні ў чат на платформе «Новая Беларусь». Было балюча, востра, і часам смешна.  Дзякуй за настрой і эмоцыі.

    Дзякуй, што мы разам крочым праз нашыя выпрабаванні. Зрэшты, іншага варыянту ў нас і няма.

    Я разумею вашыя болі і сумневы. Ведаю, як бывае страшна ўзяць адказнасць. Як перажываеш за ўсіх, хто табе даверыўся. Але калі ўжо ўзяўся – то рабі. Адолее шлях той, хто ідзе. А мы адолеем наш шлях, калі будзем ісці разам!

    Жыве Беларусь!» 

    Апошнія навіны