5 ліпеня 2026 года, Гаага
Мы, ніжэйпадпісаныя члены нацыянальных парламенцкіх дэлегацый у Парламенцкай асамблеі АБСЕ,
кіруючыся прынцыпамі і абавязацельствамі, замацаванымі ў Хельсінкскім заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і іншых дакументах АБСЕ;
падкрэсліваючы важнасць дэмакратыі, вяршэнства права, павагі да правоў чалавека і асноўных свабод як ключавых каштоўнасцяў супольнасці АБСЕ;
адзначаючы, што міжнародныя місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ на працягу многіх гадоў прыходзяць да высновы, што выбарчыя працэсы ў Рэспубліцы Беларусь не адпавядаюць абавязацельствам і стандартам АБСЕ;
выказваючы занепакоенасць працягам палітычных рэпрэсій, наяўнасцю палітычных зняволеных, а таксама абмежаваннем грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод у Беларусі;
адзначаючы вымушаную эміграцыю значнай колькасці грамадзян Беларусі ў выніку палітычнага пераследу;
прызнаючы важнасць падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да мірных дэмакратычных перамен;
вітаючы стварэнне нефармальнай Дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі для супрацоўніцтва з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ,
Дамовіліся пра наступнае:
стварыць у рамках Парламенцкай асамблеі АБСЕ нефармальную міжпартыйную парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь»;
вызначыць мэтай групы садзейнічанне аднаўленню дэмакратычных інстытутаў, вяршэнства права, павагі да правоў чалавека і правядзенню свабодных і справядлівых выбараў у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з абавязацельствамі і стандартамі АБСЕ;
каардынаваць намаганні парламентарыяў дзяржаваў — удзельніц АБСЕ ў падтрымку дэмакратычнага развіцця Беларусі;
падтрымліваць рэгулярны дыялог і супрацоўніцтва з Дэлегацыяй дэмакратычных сіл Беларусі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і іншымі зацікаўленымі бакамі;
садзейнічаць павышэнню інфармаванасці ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ аб сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратычнымі інстытутамі і выбарчымі працэсамі ў Беларусі;
ажыццяўляць іншую дзейнасць, якая адпавядае мэтам гэтай Дэкларацыі і прынцыпам АБСЕ.
Гэта Дэкларацыя адкрытая для далучэння любога члена нацыянальнай дэлегацыі дзяржавы — удзельніцы АБСЕ, які падзяляе яе мэты і прынцыпы.
