Чарнобыль – гэта не толькі частка нашай трагічнай гісторыі, але і нагода зноў узняць тэмы бяспекі, адказнасці і будучыні без пагрозаў радыяцыі. З 19 па 26 красавіка Экадом – адна з найстарэйшых экалагічных арганізацыяў Беларусі – зноў ініцыюе Чарнобыльскі тыдзень, і мы запрашаем вас далучыцца!
Некалькі простых ідэяў для ўдзелу – але фармат цалкам залежыць ад вас. Выбірайце тое, што бліжэй, або прапануйце сваё!
- Тэматычны кінапаказ. Арганізуйце прагляд дакументальных ці мастацкіх фільмаў пра аварыю на ЧАЭС, наступствы ядзерных катастрофаў і сучасныя тэхналогіі энергетыкі.
Падборка ад Экадома дапаможа вам у гэтым!
- Майстар-клас па вырабе «сід-бомбаў» – гэта невялікія шарыкі з гліны, зямлі і насення, якія можна «пасеяць» у горадзе – на пустках або неўпарадкаваных тэрыторыях. Пасля дажджу з іх прарастуць кветкі! Падыходзіць для ўсіх узростаў – і выдатны фармат для пазітыўнага, экалагічнага івэнту.
- Прагляд і абмеркаванне TED Talks. Паглядзіце відэа пра зялёную і ядзерную энергетыку – як працуюць ветракі, ці варта выкарыстоўваць сонечныя панэлі, ці могуць абнаўляльныя крыніцы сапраўды задаволіць патрэбы чалавецтва.
- Кніжны клуб. Збярыце сяброў, каб абмеркаваць кнігі або эсэ пра Чарнобыль. Гэта можа быць і літаратура пра аварыю, і творы, якія асэнсоўваюць яе ўплыў на чалавека і грамадства.
- Далучыцца да Чарнобыльскага шляху. 26 красавіка традыцыйна адбываецца Чарнобыльскі шлях. Вы таксама можаце арганізаваць лакальную акцыю або сустрэчу. Экадом зможа падзяліцца актуальнай рэзалюцыяй, якая штогод агучваецца на мерапрыемстве.
- Лекцыя ад эксперта. Каля 40% беларусаў не ведаюць пра сапраўдны стан справаў з БелАЭС, хаця пытанне радыяцыйнай бяспекі лічыцца важным. 45% ставяцца да запуску станцыі негатыўна. Што адбываецца ў Астравецкім рэгіёне, ці ёсць будучыня ў атамнай энергетыкі і што рабіць з адходамі?
Паглядзіце лекцыю Андрэя Ажароўскага — вядомага спецыяліста ў гэтай галіне.
- Прасоўвайце ваш івэнт у сацсетках. Каб больш людзей даведаліся пра вашае мерапрыемства, вы можаце выкладаць анансаванні, фота і відэа з івэнтаў пад хэштэгамі #чарнобыльскітыдзень і #чернобыльскаянеделя.
Калі вы плануеце ці арганізоўваеце івэнт, дашліце калі ласка нам інфармацыю на пошту askoffice@tsikhanouskaya.org.
______________
Дзякуем Экадому за цудоўную падборку магчымасцяў на любы густ!