Міністра і Ціханоўскую сустракала ганаровая варта на ўваходзе на могілкі Росы, дзе пахаваныя многія вядомыя беларусы. Жаўнеры ганаровай варты неслі два вянкі — беларускі бел-чырвона-белы і літоўскі жоўта-зялёна-чырвоны. Вянкі ўрачыста ўсклалі да месца пахавання паўстанцаў Каліноўскага. Пасля гэтага Ландсбергіс і Ціханоўская наведалі магілу братоў Луцкевічаў, куды таксама ўсклалі вянкі.
Пасля цырымоніі Святлана Ціханоўская пракаментавала важнасць даты 25 сакавіка:
«103 гады, 25 сакавіка 1918 г., быў закладзены падмурак для незалежнай беларускай дзяржавы. Сёння на гэтым падмурку мы будуем свой дом – свабодны і бяспечны. Беларусы заслугоўваюць жыць у сваім доме, мірна і спакойна. Дзеля гэтага мы выходзім на вуліцы. Дзеля гэтага мы дэманструем сваю волю кожны дзень на працягу сямі апошніх месяцаў. Беларусы даказалі ўсяму свету, што заслугоўваюць свабоды».