У межах візіту ў Брусэль Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА Маркасам Перэстрэлу. Абмеркавалі пытанні бяспекі, каардынацыю міжпарламенцкай працы, вызваленне палітвязняў, а таксама далейшую падтрымку Украіны.
«Беларусь — неад’емная частка еўрапейскай рэгіянальнай бяспекі. Але я хачу, каб Беларусь бачылі не толькі як пагрозу, а як шанец: змяніць баланс у рэгіёне на карысць дэмакратыі і міру», — адзначыла Ціханоўская.
Асобную ўвагу надалі пагрозе незалежнасці Беларусі з боку Расіі і выкарыстанню тэрыторыі краіны як ваеннага фарпоста Крамля. Ціханоўская падкрэсліла, што беларускае грамадства выступае супраць вайны і падтрымлівае Украіну, у адрозненне ад нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі.
«Наша супраца з Парламенцкай асамблеяй НАТА — вельмі каштоўная. Мы працягнем працу: плануем сумесныя слуханні і ўдзел беларускіх экспертаў у мерапрыемствах асамблеі», — дадала яна.
Многія дэпутаты парламенцкай асамблеі ўваходзяць у міжпарламенцкія групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. З нагоды пяцігоддзя пачатку пратэстаў 9 жніўня многія парламеніары плануюць далучыцца да акцыяў салідарнасці.