Святлана Ціханоўская выступіла перад міністрамі замежных справаў Еўрапейскага Саюза ў Бруселі па запрашэнні вярхоўнай прадстаўніцы ЕС па замежных справах Каі Калас і пры ўдзеле камісаркі ЕС па пытаннях пашырэння Марты Кос. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся непрызнанне бязвыбараў і Лукашэнкі, мірныя перамовы па Украіне, візавыя і легалізацыйныя пытанні, а таксама падтрымка грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў Беларусі.
Ад імя ЕС Кая Калас і Марта Кос выступілі з заявай аб непрызнанні «выбараў» і легітымнасці Лукашэнкі. Асобныя заявы зрабілі больш за 15 краінаў ЕС, а супольную заяву апублікавала Паўночна-Балтыйская «васьмёрка» (NB8).
У выступе Ціханоўская заклікала:
📌 У выпадку мірных перамоваў па Украіне дамагацца вываду расійскіх войскаў і неўмяшання Расіі ў беларускія справы, каб Беларусь не стала «суцяшальным прызам» для Расіі. Лукашэнка прадстаўляе інтарэсы Расіі, а не Беларусі.
📌 Прыкласці ўсе магчымыя палітычныя і дыпламатычныя намаганні для вызвалення палітвязняў. Узмацніць ціск і санкцыі з патрабаваннем спынення рэпрэсіяў.
📌 Пашырыць і ўмацаваць санкцыі супраць арганізацыяў, якія аказваюць ваенную падтрымку Расіі і фінансуюць рэпрэсіі.
📌 Увесці пакет санкцыяў за парушэнні правоў чалавека, супраць суддзяў, прапагандыстаў, сілавікоў і чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі і арганізацыю «выбараў».
📌 Павялічыць дапамогу незалежным СМІ, праваабаронцам, грамадзянскай супольнасці, ахвярам рэпрэсіяў і іх сем’ям, а таксама культурніцкім ініцыятывам.
📌 Падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд і міжнародную платформу для збору доказаў злачынстваў рэжыму.
📌 Забяспечыць дакументы для падарожжаў для беларусаў, якія засталіся без пашпартоў. Спрасціць працэдуры атрымання візаў і дазволаў на пражыванне для беларусаў. Разглядзець магчымасць надання статусу новаму беларускаму пашпарту.
📌 Падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (ICC).
📌 Паказаць беларусам, што Еўропа прапануе альтэрнатыву «рускаму свету», і ўключыць дэмакратычную Беларусь у праграмы Усходняга партнёрства.
Падчас сустрэчы міністры замежных справаў выказаліся ў падтрымку беларускага народа і дэмакратычных сілаў, адзначылі неабходнасць рашучай і прынцыповай пазіцыі па Беларусі, а таксама падкрэслілі важнасць адрознівання Беларусі ад Расіі.
Сярод іх міністры замежных справаў:
🇱🇹Літвы – Кястуціс Будрыс;
🇵🇱Польшчы – Радаслаў Сікорскі;
🇸🇪Швецыі – Марыя Мальмер Стэнергард;
🇳🇱Нідэрландаў – Каспар Вельдкамп;
🇱🇻Латвіі – Байба Бражэ;
🇮🇪Ірландыі – Сайман Харыс;
🇧🇪Бельгіі – Бернард Квінтын;
🇪🇪Эстоніі – Маргус Цахкна.
Святлана Ціханоўская: «Мы вельмі ўдзячныя Каі Калас, Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіі і ўсім міністрам за паслядоўную палітыку ў дачыненні да Беларусі і падтрымку беларускага народа. Я ўпэўненая, што Беларусь можа стаць і стане гісторыяй поспеху, надзейным саюзнікам, партнёрам і суседам для ЕС».