Святлана Ціханоўская: «Пару дзён таму Лукашэнка публічна адмовіў АБСЕ ў вылучэнні незалежных назіральнікаў на парламенцкія «выбары» ў Беларусі. Тым самым ён чарговы раз пацвердзіў: галоўная задача гэтай кампаніі – замацаваць новую нармальнасць. Тую, дзе тысячы людзей, якія пярэчаць рэжыму, кідаюць у турмы, а дзяржава, імкнучыся ўтрымаць уладу, падтрымлівае вайну і штодня аддае за крэдыты часцінку сваёй незалежнасці Расіі. Дыктатура адгароджваецца жалезнай заслонай не толькі ад свету, але і ад беларусаў – асабістая свабода абмяжоўваецца, прыватны бізнес душыцца, на ініцыятывы вешаецца «экстрэмісцкі» ярлык.
Мы зробім усё, каб свет не пагадзіўся з гэтай «нармальнасцю» – і не прыняў яе. Бо яна патрэбная толькі Лукашэнку і яго суседу, які вядзе вайну. Беларусі важна пазбавіцца ад «сузалежнасці», «ручнога» кіравання на месцах, ад камандна-адміністрацыйных метадаў у эканоміцы і жыцці наогул – і яна стане ў адзін шэраг з паспяховымі еўрапейскімі краінамі. У нас ёсць усё для гэтага: ініцыятыва людзей, падтрымка замежных партнёраў і досвед, набыты прадпрымальнікамі.
Дарагія мае, мы можам паўплываць на тое, каб безвыбары не ўспрымаліся цывілізаваным светам. Вам жа па сілах зрабіць так, каб і ўнутры краіны яны ўспрымаліся як фарс. Не гуляйце ў гульню, якую навязвае рэжым – ігнаруйце безвыбары. Адмовіўшыся ад удзелу ў гэтым падмане, вы пратэстуеце супраць «нармальнасці», якую будуе Лукашэнка. А гэта якраз тое, чаго рэжым баіцца найбольш».