Падтрымка і ўзаемадапамога
– Святлана Ціханоўская паведаміла, што Сяргей Ціханоўскі прамовіў сваё апошняе слова ў «судзе», але з-за закрытага працэсу гэтага ніхто не чуў. Таму ён вырашыў напісаць песню для ўсіх беларусаў. «Мой муж у песні піша: «Я ганаруся, усім сэрцам ганаруся, што я – беларус». Я з ім цалкам згодная і кожны дзень адчуваю гэты гонар». Кліп тут.
– «Вольныя паштоўкі» пачалі друкаваць шоперы з малюнкамі з лістоў Марыі Калеснікавай, Яны Арабейка, Касі Будзько ды іншых палітвязняў. Вы можаце абмяняць данат на паштоўку і тым самым падтрымаць праект vkletochku.org.
– У дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын Ціханоўская зрабіла заяву наконт хатняга гвалту ў Беларусі, а таксама рэпрэсій над беларускамі: «Дзяржава і раней ставілася да гвалту як да нормы, адпраўляючы жанчын разбірацца са сваімі «сямейнымі справамі» самім. І я хачу сказаць, што ў новай, дэмакратычнай Беларусі ўсе гэтыя дзяўчаты і жанчыны не застануцца сам-насам са сваімі праблемамі».
– 2 снежня, а 17:00 па Мінску пройдзе штотыднёвы вэбінар на тэму «Рэферэндум у Беларусі: стратэгія беларускіх дэмакратычных сілаў». Зарэгістравацца можна тут.
Дзень міжнароднай салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі
– Па ўсім свеце падтрымалі Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, абвешчаны Святланай Ціханоўскай 27 лістапада. Прэзідэнт Польшчы Дуда «загаварыў» па-беларуску, дзяржсакратар ЗША Блінкен заклікаў да вызвалення палітвязняў і новых выбараў у Беларусі, дыпламаты ЗША, Францыі, Літвы адправілі паштоўкі беларускім палітвязням, у Будапешце над мэрыяй вывесілі наш сцяг, а МІД Эстоніі падсвяцілі ў бела-чырвона-белыя колеры. Больш падрабязна пра акцыі – на сайце Ціханоўскай.
– У Офіса цяпер ёсць памятка пра юрыдычную, фінансавую і псіхалагічную дапамогу палітвязням з усімі патрэбнымі спасылкамі – тут.
Міжнародная праца
– Ціханоўская выступіла з 22-хвілінным зваротам да ЕС у Еўрапарламенце. Яна распавяла пра катаванні, забойствы і парушэнні правоў людзей у Беларусі ў 2021 годзе і спытала ў парламентарыяў, як яны думаюць – «ці разумеюць беларусы, калі ім кажуць пра доўгія бюракратычныя працэсы ў ЕС і складанасці дыпламатыі?». Ціханоўская заявіла, што ні ў беларусаў, ні ў кіраўнікоў ЕС няма яшчэ аднаго года на чаканне, і прадставіла стратэгію дзеянняў для Еўропы. Прамову сустрэлі доўгімі авацыямі. Поўнае відэа з рускімі субтытрамі – тут. Тэкст выступу – на беларускай, расійскай, англійскай.
– Святлана Ціханоўская атрымала запрашэнне ад прэзідэнта ЗША Джо Байдэна прыняць удзел у Саміце за дэмакратыю. На саміт запрошаныя кіраўнікі 110 дзяржаў.
– Ціханаўская выступіла на канферэнцыі высокага ўзроўня ў Вене. Там яна разам з канцлерам Аўстрыі Шалянбергам, еўракамісарам Варгеліем, кіраўніком МЗС Германіі Маасам і кіраўніком МЗС Польшчы Раў абмеркавала далейшыя крокі Еўропы для вырашэння беларускага крызісу. Варгелій распавёў пра дапамогу ў дастаўцы вакцын у Беларусь, Шалянберг заявіў, што міграцыйны крызіс штучна створаны і вырашаць трэба корань праблемы, а не толькі наступствы. Маас распавёў пра катаванні над зняволенымі і прапанаваў, каб на Саміце Усходняга партнёрства прагучаў голас дэмакратычных сілаў Беларусі. Раў заявіў, што санкцыі павінны быць шырокімі: «Мы не вернемся ў статус-кво, які быў да выбараў 2020-га».
– В.а. канцлера Германіі Ангела Меркель патэлефанавала Святлане Ціханоўскай. Яна запэўніла, што і ЕС, і Германія будуць цвёрда прытрымлівацца палітыкі непрызнання рэжыму і пазіцыя ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі нязменная.
– Ціханоўская прыняла ў офісе віцэ-прэзідэнта камітэта па еўрапейскіх справах Нацыянальнай Асамблеі Францыі П'ера-Аляксандра Агланда. Яны абмеркавалі, як Францыя зараз можа дапамагчы Беларусі і як можна стварыць у ЕС механізм для адсочвання працы санкцый супраць рэжыму.
– Ціханоўская ў інтэрв'ю распавяла пра сітуацыю ў Беларусі: Белсат, Current Time (раз, два), Euronews, DW (Германія), Phoenix (Германія), Polsat News (Польшча), LA7 (Італія), ORF Radio (Аўстрыя), BBC (Вялікабрытанія).