Святлана Ціханоўская: «Лукашэнка падпісаў указ, які дае сілавікам доступ да банкаўскай таямніцы і легалізуе поўны кантроль сродкаў беларусаў.
Любую банкаўскую аперацыю рэжым можа назваць «нядобранадзейнай». Зразумела, што купля прадуктаў, плацяжы ЖКГ, унёскі па крэдытах, падатковыя або прафсаюзныя выплаты наўрад ці кагосьці зацікавяць. А вось данаты, здзелкі з замежнымі партнёрамі, пераводы сваякам – цалкам магчыма. Гэта развязвае рэжыму рукі рабіць усё, што заўгодна: і са сродкамі на рахунку, і з самім рахункам, і з яго ўладальнікам.
Банкі, маючы права на таямніцу, заставаліся маленькім астраўком фінансавай надзейнасці ўнутры хаосу, які наводзіць рэжым. Таму людзі захоўвалі там свае сумленна заробленыя грошы, каб клапаціцца пра сям'ю, трымаць у парадку дом, спакойна адпачываць на вакацыях. Дзяржава зноў мяняе правілы гульні, і ад стабільнасці не застанецца і следу.
Беларусы, я заклікаю вас абараніць сябе і свае зберажэнні: здымайце зарплату цалкам, захоўваеце грошы ў наяўных, пераводзьце рублі ў валюту. Гэтыя дзеянні, на жаль, даўно вядомыя. Так жылі яшчэ нашы бабулі, а цяпер – жывем мы.
Калі ласка, паклапаціцеся пра сваю фінансавую бяспеку. Не давайце рэжыму магчымасці ўзмацняць і без таго татальны кантроль за вашым жыццём».