• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Рэформы, падтрымка бізнесу, План дапамогі на 3 млрд. Прамова Ціханоўскай на беларускім бізнес-форуме ў Варшаве

    27 кастрычніка, 2021

    «Дарагія госці і спікеры форуму!

    Я б хацела падзякаваць вам за тое, што вы змаглі далучыцца да нас сёння. Акрамя таго, хачу выказаць падзяку арганізатарам форуму, якія таксама з'яўляюцца часткай нашай каманды па эканоміцы.

    Моцны і развіты прыватны сектар эканомікі – адзін з найважнейшых слупоў дэмакратыі. Калі мы паглядзім на ўсе дэмакратычныя краіны, то заўважым, што паўсюль прыватны сектар эканомікі прадстаўлены вельмі шырока, і большасць насельніцтва занятая ў прыватным бізнесе. Прадпрымальнікі, якія пабудавалі свае кампаніі з нуля, – гэта наймацнейшы рухальны фактар ​​эканомікі. Яны ўкараняюць інавацыі, ствараюць працоўныя месцы, і аб'ядноўваюць грамадства праз свае бізнесы, паколькі кампаніі часта становяцца месцам для сацыяльнага ўзаемадзеяння і грамадзянскай актыўнасці. Бізнесмены садзейнічаюць уласнаму дабрабыту, а таксама дабрабыту сваіх супрацоўнікаў і партнёраў. Яны падтрымліваюць найбольш уразлівыя сацыяльныя групы насельніцтва праз выплату падаткаў, а таксама запускаюць адказныя грамадзянскія ініцыятывы. Яны паляпшаюць нашае жыццё, задавальняючы нашыя патрэбы самымі перадавымі спосабамі. Практычна ўсе тэхналогіі, якія мы выкарыстоўваем штодня і без якіх не можам уявіць сваё жыццё, былі створаныя ў прыватным сектары эканомікі.

    У той жа час прадпрымальнікі і бізнесмены – гэта ворагі рэжыму. Гэтыя людзі ведаюць сабе цану, іх самаацэнка будуецца на рэальных жыццёвых дасягненнях, і яны не схільныя да ўплыву прапаганды. Ім немагчыма ўказаць, што рабіць, над імі няма наглядчыкаў. Яны не баяцца адкрыта казаць, бо іх крыніца прыбытку не залежыць ад дзяржаўных органаў, у адрозненне ад прадстаўнікоў бюджэтнага сектара. Мой муж Сяргей – выдатны прыклад бізнесоўца, які паўстаў супраць дыктатуры ў Беларусі.

    Гэта і ёсць прычына, па якой цяперашні рэжым Беларусі атакуе прыватныя бізнесы, якія адважыліся супрацьстаяць дыктатуры. Нелегітымны ўрад выкарыстоўвае ўсе даступныя ім інструменты, каб душыць і пераследаваць прадстаўнікоў бізнесу – пачынаючы з незаконных інспекцый з боку розных дзяржаўных органаў, заканчваючы неабгрунтаванымі абвінавачваннямі ва ўхіленні ад падаткаў і крымінальным пераследам. Для Беларусі не рэдкасць выпадкі, калі бізнесмен апынаецца ў зняволенні на падставе ілжывых абвінавачванняў і вымушаны плаціць вялізны выкуп, каб яго вызвалілі з турмы.

    Большасць бізнесменаў, якія апынаюцца ў зняволенні з-за сваёй палітычнай пазіцыі нават не прызнаныя палітычнымі зняволенымі, паколькі дэ ​​юрэ яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў. Можна сцвярджаць, што ўладальнікі бізнесаў – гэта адна з найбольш уразлівых сацыяльных груп, схільных да пераследу з боку рэжыму. І мы лічым, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Мы ведаем, што нелегітымная ўлада хутка будзе шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання. Дзяржаўная пазыка вельмі высока і дорага ім абыходзіцца, а магчымасці рэфінансавання вельмі абмежаваныя. Мы чакаем, што хутка чыноўнікі прыйдуць у кожную камерцыйную арганізацыю, у тым ліку і малы бізнес, у пошуках грошай. Шмат кампаній знішчаць і зачыняць. Шмат хто будзе вымушаны бегчы з Беларусі, каб выратавацца ад зняволення, папоўніўшы шэрагі сотняў і тысячаў людзей, які беглі з краіны раней.

    Таму надзвычай важна абараняць бізнес супольнасць Беларусі. На жаль, унутры краіны гэта рабіць практычна немагчыма, бо ўсе дзеянні грамадзянскай супольнасці актыўна душацца і пераследуюцца.

    Сёння мы сабраліся ў месцы легендарным для многіх бізнесаў – найбуйнейшай фондавай біржы рэгіёну – Варшаўскай фондавай біржы – каб абмеркаваць, як мы можам аб'яднацца, дапамагчы і абараніць беларускую бізнес супольнасць за мяжой, каб захаваць патэнцыял таленавітых прадпрымальнікаў для Беларусі будучыні. Цяпер я б хацела асобна падзякаваць Марэку Дыетлу, кіраўніку Варшаўскай фондавай біржы, і ўсёй яго каманде, якія далі нам такую ​​выдатную магчымасць.

    Мы павінны знайсці спосабы падтрымаць нашых прадпрымальнікаў, якім даводзіцца ўцякаць з Беларусі па палітычных матывах. Мы павінны стварыць спецыяльныя праграмы для іх, дзе яны змогуць атрымаць дапамогу і не застануцца ў адзіноце. Гэта нашая магчымасць закласці падмурак моцнай і квітнеючай бізнес супольнасці Беларусі, падобнай да той, якая ўжо існуе ў Польшчы.

    Мы ўдзячныя за падтрымку, якую атрымліваем ад Польшчы, Еўрасаюза і іншых дэмакратычных краін. Мы назаўжды запомнім людзей і краіны, якія працягнулі нам руку дапамогі ў той момант, калі мы асабліва моцна мелі патрэбу ў гэтым.

    Я разумею, што асноўныя высілкі гэтай дапамогі накіраваныя на падтрыманне бізнесаў унутры краіны. Тым не менш, я хачу падкрэсліць важнасць падтрымкі для прадпрымальнікаў, якія вымушаныя былі збегчы з краіны. Гэта тыя людзі, якія праявілі адвагу і не маўчалі, страцілі з-за гэтага ўсё, і вымушаныя пачынаць з нуля ў новай краіне.

    Калі мы дапаможам ім зараз, яны змогуць устаць на ногі і будуць гатовыя вярнуцца ў Беларусь, інвеставаць у будучыню Беларусі і будаваць новую эканоміку ў краіне, калі рэжым упадзе.

    Мая эканамічная каманда арганізавала гэты Форум, каб звесці разам усіх зацікаўленых асобаў, і каб мы маглі сумесна знайсці спосабы дапамагчы беларускім бізнесменам у выгнанні.

    Акрамя таго, пад маім патранажам была створаная Асацыяцыя беларускіх бізнесменаў за мяжой – гэта арганізацыя, якая садзейнічае стварэнню сеткі беларускіх бізнесменаў за мяжой. Асацыяцыя таксама з'яўляецца гарантыяй таго, што галасы беларускіх бізнесменаў у выгнанні будуць пачутыя, і ім будзе аказаная неабходная дапамога.

    Я працягваю верыць у пазітыўную эканамічную будучыню свабоднай Беларусі, бо ў нас шмат таленавітых прадпрымальнікаў, якія змаглі пабудаваць бізнес у вельмі няпростых умовах, нягледзячы на ​​ўсе цяжкасці і перашкоды. Можна толькі ўявіць, чаго яны змогуць дасягнуць, калі будуць створаныя спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу, і яны не будуць баяцца страціць усё.

    Мая каманда па эканоміцы працуе над праектам такіх неабходных рэформаў для будучай Беларусі, якія будуць стымуляваць стварэнне і рост малых і сярэдніх бізнесаў, дапамогуць стварэнню працоўных месцаў, выплаце падаткаў і стварэнню моцнага сярэдняга класа.

    Мы не баімся эканамічных выклікаў, з якімі сутыкнецца новая Беларусь, бо ўжо бачым шмат спосабаў іх пераадолець:

    • Санкцыі здымуць;
    • Прыватны сектар павялічыцца дзякуючы курсу ліберальных рэформаў;
    • Многія таленавітыя беларусы вернуцца дадому – кампетэнтныя бізнес-менеджары, прыватныя інвестары і бізнесмены, прафесары ўніверсітэтаў і проста спажыўцы, якія будуць стымуляваць попыт на мясцовы бізнес;
    • Будзе праведзеная рэвізія дзяржаўных прадпрыемстваў, некаторыя будуць прыватызаваныя, у шэрагу іншых адбудуцца сур'ёзныя змены ў кіраўніцтве;
    • Еўрасаюз дасць пакет эканамічнай падтрымкі ў памеры 3 млрд еўра, у якасці дапамогі будучай дэмакратычнай Беларусі;
    • Акрамя таго, таксама дадуць сваю падтрымку і фінансаванне іншыя дэмакратычныя краіны, такія як ЗША, Канада, Вялікабрытанія і многія іншыя, а таксама міжнародныя арганізацыі.

    Мы ведаем, што ўвесь дэмакратычны свет зацікаўлены ў падтрымцы свабоднай Беларусі. Але спачатку трэба падтрымаць беларускіх бізнесменаў, якія будуць будаваць гэтую новую Беларусь.

    Нарэшце, хачу сказаць беларускім бізнесменам, што ў новай Беларусі да іх будуць ставіцца з павагай і асаблівым стаўленнем, бо яны не толькі прынясуць краіне росквіт, але і абароняць нас ад дыктатуры.

    Гэты Форум з'яўляецца працягам нашай Праграмы па падтрымцы ўдзельнікаў забастовачнага руху, а таксама абароне грамадзянаў і прадпрыемстваў, якія зведалі рэпрэсіі. Эканамічныя страты, якія бізнесы панеслі з-за сваіх палітычных поглядаў, будуць кампенсаваныя ў свабоднай Беларусі. А пакуль нам неабходна падтрымліваць гэтыя бізнесы ў выгнанні, і мы просім нашых дэмакратычных партнёраў дапамагчы нам у гэтым.

    Дзякуй!»

    Апошнія навіны