Святлана Ціханоўская накіроўваецца ў Брусель і Люксембург, дзе выступіць перад Радай замежных спраў Еўрасаюза па запрашэнні прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля.
Плануецца, што падчас сустрэчы будуць апублікаваныя спісы імёнаў і кампаній, які патрапілі ў 4 пакет санкцый ЕС. Таксама будуць абмяркоўвацца сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская выступіць перад усімі міністрамі замежных спраў Еўрасаюза падчас гадзіннай дыскусіі. Падобная сустрэча ўжо праходзіла 21 верасня 2020 года, у выніку якой ЕС выпрацаваў пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, увёў санкцыі і прыняў пакет падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Таксама Ціханоўская запланавала серыю двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі ЕС па дапамозе медыя, рэпрэсаваным і праваабаронцам. Акрамя таго, у Люксембургу Ціханоўская сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Люксембурга.