Кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Валерый Кавалеўскі і сябра эканамічнай групы Офіса Ірына Сазановіч наведалі з працоўным візітам Канаду 17-21 лістапада. Адбыліся сустрэчы з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай, прадстаўнікамі Задзіночання беларусаў Канады і беларусамі Атавы.
Акрамя таго, адбыліся перамовы ў міністэрстве замежных спраў Канады, з прадстаўнікамі міністэрства абароны і кабінета прэм’ер-міністра Канады, дэпутатамі парламента Канады, з дыпламатычным корпусам у Атаве, а таксама з кіраўніцтвам Украінскага кангрэса Канады і праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя Канада».
Падчас сустрэч абмяркоўваліся наступныя тэмы:
– Падтрымка палітычных зняволеных і пацярпелых ад рэпрэсій.
– Намаганні па абароне суверэнітэта і незалежнасці Беларусі.
– Узмацненне міжнароднага ціску на рэжым: палітычнага, дыпламатычнага і санкцыйнага.
– Развіццё палітычных кантактаў паміж Канадай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
– Міжнародная праца Святланы Ціханоўскай, планы і задачы.
– Дыпламатычная супраца, у тым ліку ў міжнародных універсальных і рэгіянальных арганізацыях.
– Раследаванне ІСАО па захопу рэжымам рэйса Ryanair.
Акрамя таго, беларуская дэлегацыя паўдзельнічала ў Форуме па міжнароднай бяспецы ў Галіфаксе, падчас якога Кавалеўскі ўзяў удзел у дыскусіі «Захопленая Беларусь» і ў закрытай сустрэчы для дэлегацыі амерыканскіх сенатараў.
Кавалеўскі звяртаў увагу на неабходнасць больш паслядоўнай пазіцыі краін Захаду па поўным непрызнанні Лукашэнкі і па практычных захадах супраць спробаў Расеі падарваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Таксама адбыліся сустрэчы з шэрагам замежных палітыкаў і экспертаў.