Сёння ў Осла Святлана Ціханоўская і СЕО Yara Свейн Торэ Халзетар правялі сустрэчу, прысвечаную агульнай мэце – абмеркаваць правы чалавека, дэмакратыю і сітуацыю з рабочымі калійнага пастаўшчыка Yara ў Беларусі.
Святлана Ціханоўская заявіла:
«Yara – важны доўгатэрміновы партнёр для Беларусі. Аднак, улічваючы масавы тэрор рэжыму, які працягваецца, мы лічым, што Yara пара спыніць сваю дзейнасць у Беларусі да таго часу, пакуль у нашай краіне не будуць адноўленыя законнасць і дэмакратыя, пакуль не будуць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітвязні. На сённяшняй сустрэчы з кіраўніцтвам Yara я падкрэсліла, што мы будзем рады бачыць іх кампанію ў якасці партнёра свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў будучыні».
Прэзідэнт і CEO Yara Свейн Торы Халзетар заявіў:
«На ўсіх нас моцна ўплываюць рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, сведкамі якіх мы з'яўляемся. Мы пастаянна спрабуем выкарыстоўваць сваю прысутнасць у Беларусі для забеспячэння бяспекі на прадпрыемстве і захавання правоў чалавека, працуем пры падтрымцы некалькіх праваабарончых арганізацый і незалежных прафсаюзаў. Сённяшняя сустрэча дала мне больш глыбокае ўяўленне пра пазіцыю Святланы Ціханоўскай, і мы дамовіліся, што можам быць больш актыўнымі і прадпрымаць далейшыя дзеянні. Yara вырашыла пераглядзець сітуацыю і да снежня прыняць рашэнне пра далейшую прысутнасць у Беларусі. Тым часам мы працягнем выкарыстоўваць сваё становішча для далейшага прасоўвання пытання бяспекі рабочых і правоў чалавека».