Сёння, 20 сакавіка, у Вільні цырымоніяй ускладання кветак да магілы Кастуся Каліноўскага пачаўся Форум Каліноўскага. Форум арганізаваны Соймам Літоўскай Рэспублікі ў супрацоўніцтве з Офісам Ціханоўскай. У цырымоніi прынялi ўдзел Святлана Ціханоўская, паслы ЗША, Польшчы, Украіны, прадстаўнікі ўрада і Сейма Літвы.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская заявіла:
«Сёння мы ўсе разам працягваем справу Кастуся Каліноўскага, якога называюць бацькам беларускай дзяржаўнасці. Менавіта за гэта цяпер беларусы разам з украінцамі і змагаюцца: за сваю нацыю, за сваю незалежнасць, за сваю мову і культуру. Не выпадкова і беларускі батальён, які адважна змагаецца цяпер на тэрыторыі Украіны, мае імя Кастуся Каліноўскага. Няхай у гэтыя змрочныя часы вайны такія героі, як Кастусь Каліноўскі, будуць і надалей натхняць нас».