Святлана Ціханоўская прыбыла ў Польшчу па запрашэнні спікера польскага Сената.
Сёння Ціханоўская выступіла перад польскім Сенатам. У сваім выступе яна заклікала Польшчу да рашучасці – выступіць у абарону беларускай незалежнасці. Таксама яна заклікала сенатараў падчас выбарчай кампаніі ў Польшчы ўключыць Беларусь у свае выбарчыя праграмы. Святлана Ціханоўская сказала, што беларусам трэба чуць пра еўрапейскую перспектыву – беларусы ёсць, былі і павінны быць часткай еўрапейскай сям’і.
Сенат прыняў рэзалюцыю ў падтрымку незалежнай Беларусі. Гэтую рэзалюцыю падтрымалі ўсе палітычныя партыі: і ўлады, і апазіцыі. У Польшчы ёсць кансэнсус наконт беларускага пытання.
Сумесна са Святланай Ціханоўскай на пленарным пасяджэнні былі і прадстаўнікі Аб‘яднанага Пераходнага Кабінета Аляксандр Азараў і Павел Латушка.
Святлана Ціханоўская правяла асобную сустрэчу са спікерам Сената, а таксама з яго намеснікамі, дзе гаварылі пра трыбунал для Лукашэнкі. Зараз тэма Беларусі губляецца за падзеямі ва Украіне, і Лукашэнка мае адчуванне беспакаранасці. Так не павінна быць. І Лукашэнка, і яго атачэнне павінны ведаць, што нясуць поўную адказнасць за свае злачынствы.
Таксама Ціханоўская сустракалася з прадстаўнікамі ByPol і ініцыятывы ISANS, дзе гаварылі пра каардынацыю дзеянняў на міжнароднай арэне.