«БЯЗВЫБАРЫ 2025»
Дэмакратычныя сілы працягваюць падрыхтоўку да так званых выбараў 2025 года. На гэтым тыдні галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка звярнуўся да беларусаў: «Давайце будзем шчырымі – ніякіх выбараў няма. Альтэрнатыўныя кандыдаты на выбарах – фан-клуб Лукашэнкі, умовы для назірання і галасавання – адсутнічаюць, а грамадзянская супольнасць – амаль знішчаная».
Таксама ў відэа дарадца прапанаваў варыянты, што могуць зрабіць беларусы.
МЗС Эстоніі выпусціў заяву, у якой сцвярджаецца, што Эстонія не будзе прызнаваць «бязвыбары 2025».
Прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Раберта Метсола ўзняла пытанне прэзідэнцкіх выбараў 2025 у Беларусі перад лідарамі Еўрасаюзу на пасяджэнні Еўрапейскай Рады: «Так званыя прэзідэнцкія «выбары», запланаваныя на 26 студзеня, ізноў прадэманструюць адсутнасць свабоды і дэмакратыі ў краіне. Гэта будзе важны момант, калі людзі звернуць увагу на Еўропу. І калі яны гэта зробяць, яны заслугоўваюць убачыць сапраўднае еўрапейскае лідарства, сапраўдныя рашэнні і сапраўдныя дзеянні».
26 студзеня 2025 году ў Варшаве пройдзе Кангрэс вольных беларусаў «Беларусы годныя лепшага». Каб стаць удзельнікам трэба падаць заяўку праз анлайн-форму.
ГЭТА МОЛАДЗЬ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава запусціла платформу «Гэта моладзь» – прастору, дзе моладзь можа задаваць усе хвалюючыя пытанні і атрымліваць на іх адказы.
ЗАЯВА СЕНАТА ЗША
Старшыня Камітэта па міжнародных справах Сената ЗША Бэн Кардзін разам з калегамі з Еўропы выступілі з заявай у падтрымку Украіны, дэмакратычных сілаў Беларусі і народа Грузіі ў іх барацьбе супраць аўтарытарызму.
Да заявы далучыліся:
- Пеэтэр Талі, старшыня Камітэта па справах Еўрапейскага саюза парламента Эстоніі
- Лія Квартапеле, віцэ-прэзідэнт Камітэта па міжнародных справах Палаты дэпутатаў Італіі
- Русланас Барановас, намеснік старшыні Камітэта па еўрапейскіх справах Сейма Літвы
- Жыгімантас Павільёніс, намеснік старшыні Камітэта па міжнародных справах Сейма Літвы
- Радаслаў Фогель, намеснік старшыні Камітэта па міжнародных справах Сейма Польшчы
- Карлас Рохас Гарсія, віцэ-прэзідэнт Камітэта па міжнародных справах Кангрэса дэпутатаў Іспаніі
- Аляксандр Мярэжка, старшыня Камітэта па міжнародных справах Вярхоўнай Рады Украіны
У заяве падкрэсліваецца неабходнасць падтрымкі суверэнітэту Украіны, непрызнання фальшывых выбараў у Беларусі і падтрымкі еўраатлантычных памкненняў Грузіі.
БЕЛАРУСКІЯ ДАБРААХВОТНІКІ Ў ПОЛЬШЧЫ
19 снежня дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька ўзяў удзел у сустрэчы з віцэ-спікерам Сената Польшчы Міхалам Каміньскім і кіраўніком Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Паўлам Мар’еўскім, на якой абмяркоўваліся праблемы беларускіх добраахвотнікаў.
ДЗЕНЬ МІГРАНТА
18 снежня адзначаецца Дзень мігранта. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з гэтай нагоды: «Я хацела б падтрымаць усіх тых, хто застаўся без радзімы з-за рэпрэсіяў і барацьбы супраць дыктатуры. Часам у эміграцыі бывае вельмі самотна, але… Мы ёсць адно ў аднаго. Мае любімыя моманты ў эміграцыі – калі я магу пабачыцца з вамі, абняць і сказаць добрыя словы адно аднаму».
АДУКАЦЫЙНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву – пра цяжкасці з вышэйшай адукацыяй у Беларусі і праграмы навучання ў нечаканых краінах: «Сітуацыя з адукацыяй у Беларусі становіцца ўсё больш рэпрэсіўнай. Рэжым імкнецца падавіць незалежнае мысленне, прымушаючы многіх таленавітых і матываваных студэнтаў і выкладчыкаў пакідаць вучобу або шукаць магчымасці за мяжой».
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ ЛЮДЗЕЙ
20 снежня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці людзей. Святлана Ціханоўская: «Менавіта крызісныя моманты паказваюць нам, як шмат салідарнасці ў беларусах. Тое, як вы, мае дарагія, прыходзіце на дапамогу адно аднаму ў складаных сітуацыях, уражвае і натхняе працаваць надалей, як бы складана ні было».
ФІНАНСАВАЯ ПАДТРЫМКА ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ
Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала спіс арганізацыяў і ініцыятываў, да якіх можна звярнуцца па фінансавую дапамогу.
МЕДЫЯ
DW Беларусь (YouTube, dw.com), БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), «Радыё Свабода» (Беларусь), Time Radio (Вялікабрытанія), БелСАТ (Беларусь), Independent (Вялікабрытанія), ANSA (Італія), Le Grand Continent (Францыя, Іспанія, Італія), Eurozpravy (Чэхія), La Stampa (Італія).