Міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас даслаў ліст у Офіс Ціханоўскай да Дня перамогі. У лісце ён падтрымаў Святлану Ціханоўскую і ўвесь беларускі народ, заявіўшы, што Германія і Еўрапейскі Саюз заўсёды будуць падтрымліваць імкненне беларусаў да свабоды і дэмакратыі.
Прыводзім ліст Хайка Мааса цалкам:
«Паважаная спадарыня Ціханоўская,
у Германіі і ў Беларусі 8 траўня – гэта дзень, калі мы ўспамінаем пра заканчэнне развязанай Германіяй Другой сусветнай вайны. Да гэтага дня гэтая дата трывала ўпісаная ў памяць нашых краін. У дзень 80-й гадавіны нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз думкамі і пачуццямі мы звяртаемся да мільёнаў ахвяр вайны і вынішчэння, прынесеных народамі Савецкага Саюза.
Той факт, што людзі ў Беларусі і ў іншых краінах, якім рэжым нацыянал-сацыялістаў прычыніў жорсткія пакуты, пасля вайны працягнулі нам, немцам, руку ў знак прымірэння, да гэтага дня напаўняе нас глыбокай удзячнасцю. Гэтае прымірэнне стала магчымым дзякуючы таму, што памяць пра ахвяраў заўсёды заставалася адным з галоўных аспектаў узаемаадносінаў паміж нашымі краінамі. Сустрэчы паміж людзьмі, шчыры дыялог, ініцыятывы на ўзроўні грамадзянскай супольнасці падрыхтавалі глебу для прымірэння. Гэты працэс далёкі ад завяршэння: задача памяці і памінання непазбытная. Варта толькі згадаць, напрыклад, важную працу, здзейсненую Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам ім. Ёханэса Раў або Гістарычную майстэрню на тэрыторыі былога Мінскага гета.
Гісторыя вучыць нас, якая важная абарона дэмакратыі і правоў чалавека для захавання міру і свабоды ў Еўропе. Таму Германія і Еўрапейскі Саюз заўсёды будуць падтрымліваць Вас і людзей у Беларусі, калі гаворка ідзе пра законныя патрабаванні і дэмакратычныя правы беларускага народа. Германія – з Вамі і з грамадзянамі Беларусі, якія патрабуюць спынення гвалту і рэпрэсій.
З павагай, Хайка Маас».