У Нью-Ёрку падчас сэсіі Генасамблеі ААН Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з намесніцай дзяржсакратара ЗША па пытаннях грамадзянскай бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека Узрай Зэяй.
Лідарка Беларусі падкрэсліла важнасць утрымання Беларусі ў фокусе міжнароднай увагі, і ў такіх арганізацыяў як ААН. Ціханоўская распавяла пра цяжкую сітуацыю ў беларускіх турмах і эскалацыю рэпрэсій. Таксама нагадала пра апошнія прысуды праваабаронцы Марфе Рабковай і журналісту Дзянісу Івашыну. Намесніца дзяржсакратара добра праінфармаваная пра сітуацыю з палітзняволенымі і выказала падтрымку ім і іх сем’ям. Беларуская лідарка заявіла: усе мусяць выйсці на свабоду без умоваў, гандлю і хлусні рэжыма пра амністыю. Святлана Ціханоўская нагадала пра важнасць працягу надання дапамогі рэпрэсаваным і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці.
Ціханоўская і Зэя абмеркавалі наступныя крокі па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і ўцягванне нашай краіны ў вайну супраць Украіны. Ціханоўская нагадала, што пытанне абароны і аднаўлення незалежнасці Беларусі – гэта прыярытэт новастворанага Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Беларуская лідарка распавяла пра важнасць ціску на рэжым і ўзмацнення санкцыяў на яго памагатых, якія прымаюць законы аб пазбаўленні грамадзянства беларусаў і інш.