22 чэрвеня ў Вільнюсе адбыўся брыфінг для прадстаўнікоў Ірландыі, прысвечаны працы беларускіх дэмакратычных і грамадскіх арганізацыяў. У сустрэчы з ірландскага боку ўзяла ўдзел амбасадарка Ірландыі ў Літве Шэйна МакХ’ю.
Беларускі бок прадстаўлялі Беларуская асацыяцыя журналістаў, ініцыятыва «Вольныя», фонд «Краіна для жыцця», Каардынацыйная Рада, Беларуская Рада культуры, былыя палітвязні Эдуард Пальчыс і Кім Самусенка. Ад Офіса Святланы Ціханоўскай у сустрэчы ўдзельнічаў дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.
Прадстаўнікі арганізацыяў распавялі пра сваю працу і актуальныя патрэбы па розных напрамках. Сярод іх — супрацоўніцтва з людзьмі ўнутры Беларусі, падтрымка незалежных медыя і грамадзянскіх ініцыятыў, развіццё культурніцкіх праектаў і стварэнне новых магчымасцяў для беларускай моладзі.
Асобна абмеркавалі падрыхтоўку канферэнцыі па беларускай культуры, якая плануецца ў кастрычніку, а таксама магчымыя фарматы ўдзелу і падтрымкі з боку міжнародных партнёраў.
Па выніках брыфінгу прадстаўнікам Ірландыі перадалі інфармацыйныя матэрыялы і дакументы з прапановамі беларускіх арганізацыяў. Яны датычацца далейшай падтрымкі грамадзянскай супольнасці і захавання беларускага пытання ў еўрапейскім парадку дня.
Сустрэча адбылася напярэдадні старшынства Ірландыі ў Радзе Еўрапейскага саюза, якое пачнецца 1 ліпеня 2026 года.
Анатоль Лябедзька:
«Для нас было важна, каб прадстаўнікі Ірландыі пачулі непасрэдна ад беларускіх арганізацыяў, як яны сёння працуюць, з якімі выклікамі сутыкаюцца і якая падтрымка ім патрэбная. Мы перадалі канкрэтныя матэрыялы і прапановы па розных напрамках — ад супрацоўніцтва з людзьмі ўнутры краіны да культурных праектаў і магчымасцяў для моладзі. Разлічваем, што гэтыя пытанні будуць улічаныя падчас старшынства Ірландыі ў Радзе ЕС».
