Кожны можа стаць чальцом Руху цяпер. Вось яго Маніфест.
Коратка – галоўнае за дзень працы Руху:
#падтрымкаўкраінцаўібеларусаў
- Святлана Ціханоўская звязалася з міністрам замежных спраў Чэхіі Янам Ліпаўскім. Яна заклікала спрасціць візавыя працэдуры для беларусаў і падтрымаць стратэгію супраць дыскрымінацыі беларусаў.
- Фонд «Краіна для Жыцця» з дапамогай арганізацый «Беларусы Рыма» і Progetto Sud даставілі ў Варшаву першыя дзве тоны дабрачыннай дапамогі для бежанцаў з Украіны.
- Фонд BYSOL адпраўляе ва Украіну тры пікапы для беларускіх добраахвотнікаў, машыну хуткай дапамогі і мікрааўтобус, эвакуацыйныя джыпы для патрэбаў Першага добраахвотнага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова. Таксама закупляе два інкасатарскія браневікі для пераробкі ў эвакамабілі пярэдняга краю для медыкаў. Сродкі сабралі беларусы.
- Офіс Ціханоўскай разам з Народным пасольствам Беларусі ў Эстоніі каардынуе дзеянні для адпраўкі афіцыйных зваротаў у эстонскія дзяржаўныя органы, каб адмяніць абмежаванні для беларусаў у Эстоніі, у тым ліку адмену выдачы візаў і забарону на навучанне ў ВНУ.
- Фонд BYSOL сумесна з «Крыптафондам падтрымкі грамадзянскага насельніцтва ад акупацыі, закупкі гуманітарнага забеспячэння і сродкаў абароны» набыў для Украіны 75 шлемаў, 323 метры матэрыялу для пашыву бялізны для вайскоўцаў, 128 кг дзіцячага харчавання і замовіў 5 тонаў металу для бронекамізэлек.
- Free Belarus Center эвакуяваў 150 чалавек з гарадоў Украіны.
- НАК звярнуліся да шэрагу міжнародных арганізацый, у тым ліку да Міжнароднага Валютнага Фонду і Рады Еўропы, з патрабаваннем пра прыпыненне паўнамоцтваў і пазбаўленне акрэдытацыі прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ў гэтых арганізацыях.
- Творчае аб'яднанне «Тутэйшы» разам з украінцамі Вены правялі акцыю салідарнасці па ўпрыгожванні горада ва ўкраінскія колеры.
- Беларусы Італіі правялі анлайн-сустрэчу з прадстаўнікамі прафсаюзаў Італіі і Інстытута развіцця сацыяльных сувязяў ISCOS наконт гуманітарнай дапамогі для ўкраінцаў і беларусаў. Яны таксама засяродзілі ўвагу на праблеме дыскрымінацыі бежанцаў з Беларусі і неабходнасці вырашаць гэтую праблему на ўзроўні дзяржаваў.
#сабатажпрацырэжыму
- Партызаны Мінска выказалі сваё стаўленне да вайны на вуліцах.
- Каманда НАК звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд з заклікам разглядзець роўную ролю рэжыму Лукашэнкі ў ажыццяўленні Пуціным акта агрэсіі супраць Украіны ў межах пададзенай заявы Украіны супраць Расіі. Таксама НАК накіраваў Генпракурору Украіны зварот з просьбай пра пачатак крымінальных спраў супраць вышэйшага каманднага складу рэжыму і змяшчэнне іх у спіс Інтэрпол.
- «Честные люди» напісалі інструкцыю для тых, каму можа пагражаць ваенная мабілізацыя. Паглядзіце гэтыя карткі і абярыце свой план дзеянняў. Поўную інструкцыю глядзіце ў гэтым відэа: https://youtu.be/c4WTjZ8hCQU
- НАК перадаў у МЗС Чэхіі зварот пра важнасць сіметрычных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Праца працягваецца і ў напрамку прымянення да рэжыму Лукашэнкі санкцый, сіметрычных ужо прынятым у дачыненні да Расіі.
- «Честные люди» прадставілі зручны сайт для працы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і шаблон для ліста дэпутатам мясцовых Радаў. Праз https://belarusagainstwar.org/deputies можна знайсці кантакты дэпутата, каб даслаць яму ліст, патэлефанаваць ці дамовіцца на асабістую сустрэчу – і спытаць пра яго стаўленне да вайны ва Украіне.
#інфармацыйныфронт
- Кааліцыя Пратэстных Двароў дапамагае беларусам распаўсюджваць інфармацыю. Яны склалі спіс з таго, што важна ведаць і распаўсюдзіць – усё па спасылцы.
- Каманда Ціханоўскай правяла стрым з адказамі на галоўныя пытанні беларусаў пра Рух, міграцыю і віды пратэсту супраць вайны.
Далучайцеся да Беларускага Антываеннага Руху – кожны можа выбраць даступныя дзеянні і тым самым падтрымаць Рух.