«Сёння ўночы ў бамбардзіроўцы расійскімі войскамі ўкраінскага Карасценя загінуў мірны чалавек, яшчэ ў дваіх – апёкі, несумяшчальныя з жыццём. Двое з гэтых ахвяраў – беларусы. Удумайцеся: сёння ўночы ў беларусаў ляцелі ракеты з тэрыторыі Беларусі. І цяпер нашыя землякі ў бальніцы змагаюцца за жыццё, якое ў іх адбірае рэжым.
Гэтая трагедыя паказвае ўсю сутнасць стаўлення Лукашэнкі да народа. Ён гатовы плаціць жыццямі беларусаў, абараняючы інтарэсы Крамля. Не Беларусі. Не беларусаў. А ўвогуле іншай краіны.
Беларусы ж хочуць абараніць жыцці сваіх людзей, незалежнасць сваёй дзяржавы і гонар сваёй нацыі – каб да беларусаў не ставіліся як да агрэсараў. І я перакананая: сёння ўночы адбылося тое, што больш нікому не дае права вінаваціць беларусаў у падтрымцы гэтай вайны. Увесь рэпрэсіўны апарат накіраваны супраць нас унутры краіны. А за яе тэрыторыяй на нас накіраваныя ракеты з нашых жа межаў. І нягледзячы на ўсё гэта беларусы працягваюць супраціўляцца, каб спыніць гэтую вайну і дамагчыся свабоды».