Нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская абвясціла антываенную мабілізацыю і прапанавала Маніфест Антываеннага руху для беларусаў у Беларусі.
Як можа дапамагчы беларуская дыяспара:
1. Абараняць беларусаў на палітычным узроўні (для арганізацый, цэнтраў дапамогі, Народных Пасольстваў Беларусі);
– дамагацца роўных умоваў для беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў;
– інфармаваць пра спосабы эвакуацыі з Украіны і наступнай дапамогі;
– выражаць падтрымку пасольствам Украіны і ўкраінскай дыяспары ў вашых краінах;
– інфармаваць пра выпадкі прыгнёту беларусаў МЗС краінаў;
– звяртацца ў МЗС вашых краінаў з просьбай поўнага ізалявання лукашысцкіх пасольстваў, разрыву дыпламатычных адносінаў;
– патрабаваць ад урадаў вашых краінаў афіцыйна заявіць пра непрызнанне рэжыму Лукашэнкі (тады Пуцін становіцца акупантам Беларусі);
– прасіць не спыняць падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі (разумеючы важнасць дапамогі Украіне).
2. Распавядаць пра тое, як беларусы ўсяго свету дапамагаюць Украіне:
– арганізоўваюць і ўдзельнічаюць у антываенных мітынгах;
– збіраюць ахвяраванні і гуманітарную дапамогу;
– адпраўляюцца служыць у Інтэрнацыянальны легіён, самі збіраючы грошы на рыштунак;
– збіраюць і перадаюць інфармацыю пра перамяшчэнне войскаў на тэрыторыі Беларусі;
– блакуюць чыгунку, каб перашкодзіць падыходзіць расійскім войскам;
– заклікаюць беларускіх вайскоўцаў хавацца ад прызыву ў войска, сыходзіць у партызаны ці здавацца ўкраінскай арміі;
– беларускія дэмакратычныя і народныя каналы праўдзіва асвятляюць сітуацыю ва Украіне, супрацьдзейнічаюць лукашысцкай і расійскай прапагандзе (іх лёгка адрозніць па бчб афарбоўцы, многія з якіх цяпер памянялі яе на жоўта-блакітную, у знак салідарнасці з Украінай).
3. Дапамагаць украінцам і паказваць салідарнасць:
– удзельнічаць ва ўкраінскіх і антываенных мітынгах з бчб сцягамі, пісаць сваю пазіцыю на плакатах;
– выступаць на мітынгах, даваць інтэрв'ю медыя;
– размаўляць з людзьмі і расказваць розніцу паміж беларусамі і хунтай;
– станавіцца валанцёрамі і дапамагаць украінскай дыяспары ў зборы і сартаванні гуманітарнай дапамогі, раздачы матэрыялаў;
– шыць і вывешваць у знак салідарнасці сцягі;
– дапамагаць украінскай дыяспары арганізоўваць валанцёрскія структуры, наладжваць працу з фондамі, дзяліцца кантактамі СМІ і бізнесу;
– прадастаўляць жыллё і дапамогу бежанцам з Украіны;
– публікаваць інфармацыю на канале https://t.me/belarusyzaukrainu.
4. Пастарацца падзяліць у свядомасці людзей беларусаў і лукашыстаў, дэмакратычную Беларусь і хунту, якая незаконна захапіла ўладу ў нашай краіне.
– дэмакратычная Беларусь пад бела-чырвона-белым сцягам, у вайне яна на баку Украіны, супраць Лукашэнкі і Пуціна; і рэжым Лукашэнкі, пад чырвона-зялёным сцягам, які асацыюецца з БССР, дыктатурай і тэрорам;
– беларусы змагаюцца з Лукашэнкам не толькі з 2020 года, многія пачыналі яшчэ з 1996-2001 года;
– Лукашэнка нелегітымны Прэзідэнт, не прызнаны ні беларусамі, ні ўладамі дэмакратычных краінаў;
– шмат беларусаў уцяклі ад пераследу рэжыму з краіны, у тым ліку ва Украіну. Іх пазбавілі краіны, іх ніхто не абараняе, не трэба рабіць іх яшчэ і ворагамі;
– беларусы ў Беларусі зноў выходзяць на акцыі пратэсту, хаця зараз гэта тое самае, як калі б праводзіць акцыю пратэсту ў акупаваным Данбасе. 780 чалавек было арыштавана толькі ў першы дзень;
– Беларусь зараз фактычна пад расійскай акупацыяй – Лукашэнка не кіруе расійскімі войскамі, не кантралюе напад са сваёй тэрыторыі;
– у Беларусі цяпер марыянетачны рэжым, якім кіруе Пуцін, а Лукашэнка дапусціў гэта ў імкненні захаваць уладу.
У найбліжэйшыя дні ад нас залежыць стаўленне да беларусаў, як да агрэсараў ці змагароў з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі.
Жыве Беларусь! Слава Украіне!
Інфармацыя прадстаўленая Беларусамі Замежжа.