Сёння Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі Сейма Літоўскай Рэспублікі, прысвечанай свабодзе слова пры аўтарытарызме ў Беларусі. Панэлі канферэнцыі прысвечаныя правам чалавека, свабодзе масавай інфармацыі і будучыні Беларусі. Сярод удзельнікаў канферэнцыі – еўрапейскія палітыкі і эксперты, прадстаўнікі АБСЕ і розных НДА, беларускія і замежныя журналісты.
Святлана Ціханоўская распавяла, што роўна год таму, 7 траўня 2020, яе муж блогер Сяргей Ціханоўскі абвясціў пра сваё рашэнне балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Яна падкрэсліла, што відэа Ціханоўскага пра праблемы беларусаў аказалі вялікі мабілізацыйны эфект, тысячы беларусаў пачалі падтрымліваць спачатку Сяргея, а потым і Святлану Ціханоўскую.
Беларуская лідарка падкрэсліла: гэтая гісторыя даказвае сілу СМІ. За апошні год беларусы сталі аддаваць перавагу разнастайным і прафесійным медыя замест дзяржаўнай прапаганды.
«Калі рэжым нарэшце зразумеў гэта, адзінае, што ён мог зрабіць, – пачаць помсціць незалежным журналістам. Беларусь стала самай небяспечнай краінай у Еўропе для журналістаў – тут яны могуць быць аштрафаваныя, арыштаваныя, збітыя, у іх страляюць пры выкананні сваёй працы», – заявіла Святлана Ціханоўская. Яна назвала імёны зняволеных па палітычных матывах: актывіста Мікалая Дзядка, а таксама журналістаў і блогераў Кацярыны Андрэевай, Дар'і Чульцовай, Ігара Лосіка, Кацярыны Барысевіч.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларускія журналісты нават у такіх умовах працягваюць працаваць без страты якасці, а масавая медыя-інфраструктура працягвае развівацца, у тым ліку, праз Telegram і самвыдат па ўсёй краіне.