Выступаючы на міжнародным форуме па бяспецы і палітыцы Riga Conference, Святлана Ціханоўская заявіла, што ў ходзе акцый пратэсту ў Беларусі затрымана больш за 18 000 чалавек, тысячы людзей падвергліся катаванням, а восем – былі забітыя. “Рэпрэсіі настолькі вялікія, што гэтыя лічбы гучаць як сухая статыстыка. Але за гэтымі лічбамі стаяць рэальныя людзі”, – падкрэсліла Ціханоўская і расказала некалькі гісторый.
“Раман Бандарэнка спрабаваў перашкодзіць сілавікам ў цывільным прыбраць нацыянальную сімволіку з двара свайго дома. Яго па-варварску збілі да стану комы – і ён памёр ад траўмаў. Мы аплакваем яго смерць.
16-гадовы Мікіта Залатароў патрапіў у турму па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Доказаў, што ён удзельнічаў у масавых пратэстах, няма. Але пасля допыту Мікіту даставілі ў бальніцу, а ў медыцынскім заключэнні не сказана, што ён быў жорстка збіты. Калі Мікіце ўдалося ўбачыць бацьку, ён спытаў: «Тата, калі мяне перастануць біць?”.
Лекар Ірына Маркелава была затрымана і трапіла ў аўтазак, у якім распылялі газ. Яна задыхалася і думала, што памрэ. І пасля гэтага ў ЦІП жанчын распраналі дагала і абшуквалі”.
Расказаўшы гэтыя гісторыі, Святлана Ціханоўская заклікала ЕС да больш рашучых дзеянняў: “Індывідуальныя санкцыі супраць грамадзян Беларусі, якія маюць дачыненне да фальсіфікацый на выбарах і палітычных рэпрэсій, сталі важным першым крокам ЕС. Гэты спіс варта пашырыць і разгледзець пытанне аб санкцыях супраць бізнесу, які падтрымлівае рэжым», – заявіла Ціханоўская.