Сёння беларусы Вільні ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі. Дзясяткі людзей далучыліся да акцыяў, прымеркаваных да 39-й гадавіны аднаго з самых жахлівых здарэнняў у нашай гісторыі. Таксама ў івэнце ўзялі ўдзел украінцы, літоўцы, шведы, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, палітыкі і эксперты. Адной з галоўных мэтаў мітынгу стала выказванне пратэсту супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.
Спікерам ад Офіса Святланы Ціханоўскай выступіў Аляксандр Дабравольскі, старэйшы палітычны дарадца лідаркі. Ён адзначыў: выбух на Чарнобыльскай АЭС абудзіў беларускае грамадства, паказаўшы, што савецкая сістэма – злачынная, безадказная і хлуслівая.
«Праз памяць пра Чарнобыльскую трагедыю, мы мусім зрабіць усё магчымае, каб падобныя катастрофы больш ніколі не паўтарыліся. Дыктатура Лукашэнкі стала другім Чарнобылем для Беларусі, закрануўшы амаль кожную сям’ю праз рэпрэсіі, палітычных зняволеных, вымушаную эміграцыю і пагрозу страты незалежнасці. Аднак беларусы навучыліся жыць без падтрымкі дзяржавы, дапамагаць адно аднаму і змагацца за свае каштоўнасці. Дыктатура не вечная – і надыдзе час, калі сам народ будзе вырашаць сваю будучыню», – падкрэсліў Дабравольскі.
Практычным вынікам мерапрыемства стала рэзалюцыя, якая заклікае вярнуць нашую краіну да бяз’ядзернага, нейтральнага статусу. Тады як фінальнай кропкай івэнту стаў велапрабег актывістаў па вуліцах Вільні.