20 ліпеня 2024 года споўнілася 30 год панавання на Беларусі аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, і для нашай краіны гэта сапраўды «чорны юбілей». Найвялікшая колькасць электаральных кампаніяў цягам года, складаная геапалітычная сітуацыя, вайна ва Украіне – час вялікага выпрабавання для сусветнага дэмакратычнага і прагрэсіўнага руху. На гэтым фоне трагічная для Беларусі дата можа застацца незаўважанай, таму мы запрашаем вас на выставу, падрыхтаваную з гэтай нагоды
Артур Вакараў: «Я – дызайнер. Мая праца ў тым ліку – крэатыўнае падсвечванне сацыяльных і грамадскіх працэсаў, выклікаў. Паўгода таму я задумаўся над гэтым сумным юбілеем і яго наступствамі для мяне і для ўсіх беларусаў. Склаўся канцэпт праекту – і на шэсць месяцаў маю галаву апанавалі ідэі візуалізацыі гэтай лічбы – «30». У выніку атрымалася 30 постараў, тэма якіх – жахлівыя вынікі кіравання дыктатара Лукашэнкі ў розных галінах жыцця: грамадскага, палітычнага, эканамічнага і культурнага.
Я стварыў 30 постараў, галоўным элементам якіх стала сама лічба 30. Гэта моцна ўскладніла крэатыўны пошук, а значыць зрабіла працу над праектам яшчэ больш прафесійна выпрабавальнай і цікавейшай».
Святлана Ціханоўская: «Мы назіраем рэцыдыў папулісцкіх і аўтарытарных ідэяў па ўсім свеце. І на гэтым фоне сітуацыя ў Беларусі толькі пацвярджае трывожны трэнд: абыякавасць і давер да прапаганды наўпрост вядуць да катастрафічных наступстваў. Дарагія еўрапейцы! Паглядзіце на беларусаў і беларусак: мы жывыя сведкі таго, як проста абраць дыктатара – і як складана і дорага ад яго пазбавіцца».
Выстава адбудзецца ў Вільні, каля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду (Okupacijų ir laisvės kovų muziejus). Яна будзе змантаваная на вуліцы на агароджы музея ў выглядзе 30 вялікафарматных постараў.
Час дзеяння выставы: 24.07 – 24.08.2024.
Запрашаем на ўрачыстае адкрыццё 24 ліпеня ў 17:00.