Сёння беларуская лідарка прыбыла ў швейцарскі Давос, каб другі раз узяць удзел у буйнейшым эканамічным форуме. Яна сустрэнецца з людзьмі, якія вызначаюць сусветны парадак дня – міністрамі, прэзідэнтамі, кіраўнікамі вядучых карпарацыяў і тэхналагічных кампаніяў.
«Мы пастараемся знайсці новых саюзнікаў у свеце. Нам патрэбна вывучыць найлепшы досвед тых краінаў, якія прайшлі шлях ад дыктатуры да дэмакратыі. Я буду прасіць аказаць нам дапамогу ў падрыхтоўцы рэформаў. Нам важна ўжо цяпер думаць пра Беларусь пасля дыктатуры. Беларусь можа стаць і абавязкова стане самастойнай і багатай краінай. Гэтыя кантакты дапамогуць нам у будучыні прыцягнуць у Беларусь новыя інвестыцыі», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Галоўнымі тэмамі сустрэчаў будуць роля Беларусі ў бяспецы Еўропы, спыненне саўдзелу нашай краіны ў вайне, пошук рэсурсаў для беларускіх медыя, прыватнага бізнесу і грамадскіх актывістаў. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская будзе прасоўваць ідэю стварэння міжнароднага фонду дапамогі рэпрэсаваным, былым палітвязням і іх сем’ям.