Учора беларуская лідарка выступіла на Форуме ў Браўншвайгу, які арганізаваў нямецкі Саюз моладзі. Разам з ёй удзельнічалі старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі Манфрэд Вэбер, а таксама прысутнічаў намеснік у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Валер Кавалеўскі.
«Для нас Еўрасаюз не толькі паспяховая эканамічная сіла, лідар інавацыяў, адукацыі і сацыяльных праграмаў. Гэта не толькі прастора без межаў, сямʼя з моцнымі сувязямі. Еўрасаюз – гэта яшчэ і бяспечная прастора для Беларусі, каб захаваць сваю незалежнасць і развіць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. З Расіяй падобныя памкненні немагчымыя. І толькі калі Беларусь адновіць сувязі са сваёй еўрапейскай сям'ёй, яна будзе адчуваць сябе ў бяспецы як дзяржава», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Падчас прамовы яна звярнулася да моладзі: «У кожным палітычным руху моладзь вельмі важная. Не бойцеся дзейнічаць. Не бойцеся змагацца за праўду. Не бойцеся рабіць памылкі. У палітыцы пастаянна вучацца на практыцы. Галоўнае – не спыняцца і ніколі не адмаўляцца ад сваёй мары».
Таксама беларуская лідарка выказала словы падтрымкі Украіне і Ізраілю.