Падчас візіту ў Фінляндыю, які пройдзе з 1 па 4 сакавіка, Святлана Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Ніінісцё, прэм'ер-міністаркай Саннай Марын і міністрам замежных спраў Пекам Хаавіста.
З 4 па 7 сакавіка адбудзецца візіт Святланы Ціханоўскай у Партугалію, якая з 1 студзеня 2021 года старшынюе ў Радзе ЕС. За гэты час яна правядзе працоўныя сустрэчы з прэм'ер-міністрам Партугаліі Антоніў да Кошта, міністрам замежных спраў Партугаліі Аўгуста Сантуш Сільва, а таксама Жазэ Мануэлем Барозу, які з 23 лістапада 2004 па 1 лістапада 2014 з'яўляўся Старшынём Еўрапейскай камісіі.
Адразу пасля гэтага, з 7 па 10 сакавіка, лідарка дэмакратычнай Беларусі наведае Швейцарыю, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі ААН і парламента Швейцарыі.
Мэта кожнай сустрэчы – распавядаць пра сітуацыю ў Беларусі і пра тое, што пратэсты працягваюцца. Падчас кожнага візіту будуць абмяркоўвацца праграмы падтрымкі пацярпелых беларусаў, праваабаронцаў і незалежных медыя.