Падчас форуму ў Давосе Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм'ер-міністрам Ірландыі Леа Варадкарам. Яна падзякавала яму за падтрымку беларускіх праваабаронцаў і медыяў. Ірландыя фінансава падтрымлівае адну з буйных беларускіх рэдакцый і міжнародную платформу збору доказаў злачынстваў Лукашэнкі.
Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэм’ерам вяртанне для беларусаў умоўнага «бязвізу» – раней беларусы маглі наведваць Ірландыю пры наяўнасці брытанскай візы, але пасля пачатку вайны грамадзяне Беларусі (сумесна з Расіяй) былі пазбаўленыя такой магчымасці. Таксама палітыкі абмяркоўвалі магчымасць падтрымкі беларускіх культурных праектаў і ініцыятываў, у тым ліку скіраваных на пашырэнне беларускай мовы. Гэта маглі б быць супольныя беларуска-ірландскія праекты, напрыклад, у галіне музыкі.
Святлана Ціханоўская падзякавала ірландскаму амбасадару ў Літве і Беларусі за працу і за актыўную супрацу Ірландскай амбасады з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Таксама Ціханоўская адзначыла, што ў Ірландыі многія дэпутаты, у тым ліку з партыі прэм’ера, узялі апякунства над беларускімі палітвязнямі, і заклікала больш актыўна выказвацца на тэму рэпрэсій і палітвязняў у Беларусі і дабівацца іх вызвалення.
Таксама прэм’ер-міністр запрасіў Святлану Ціханоўскую наведаць Ірландыю.