«Давайце пачнем з таго, што ні ў нас, ні ў нашых міжнародных партнёраў пакуль няма пацверджанай інфармацыі. Вельмі магчыма, што два дыктатары свядома раскручваюць варонку хлусні вакол ядзернай зброі.
Іх мэта – запалохаць беларусаў i прымусіць краіны Захаду спыніць падтрымку Украіны і дамаўляцца з Лукашэнкам і Пуціным.
Яны кажуць «мір» – а развязваюць вайну. Яны кажуць «усё пад кантролем», а самі не могуць разабрацца, хто будзе кантраляваць ракеты. Яны кажуць «вы будзеце ў бяспецы» – і хочуць ставіць мішэні для зваротнага ўдару ў Беларусі.
Нашая агульная адказнасць: і беларусаў, і ўкраінцаў, і краінаў Захаду – каб у Беларусі не было ядзернай зброі, расійскіх базаў і расійскіх войск. Каб Беларусь захавала свой суверэнітэт, а не стала пратэктаратам Расіі.
Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі закранае глабальныя інтарэсы і павінна абмяркоўвацца на Генеральнай Асамблеі ААН і ў Радзе Бяспекі ААН. Мы павінны разам спыніць тых, хто так шмат хлусіў, што гэтая хлусня стала масава забіваць людзей».