«Сёння Джулі Фішэр абвясціла, што пакідае пасаду спецпасланніцы ЗША па Беларусі, і я хачу сказаць ёй вялікі дзякуй за працу. Яна па-сапраўднаму разумее і падзяляе пачуцці беларусаў – гэта было заўважна з самага нашага знаёмства. Спадарыня Фішэр сустракалася з сем'ямі палітвязняў, дапамагала нам наладжваць згубленыя рэжымам кантакты, выступала за тое, каб Еўропа і Амерыка былі адзінымі ў пазіцыі па Беларусі. Дзякуючы ёй у нас з'явіліся доўгатэрміновыя і ўстойлівыя адносіны з урадам і Кангрэсам ЗША.
Цяпер я ўжо ведаю, што ў Амерыцы, калі чалавек мяняе свой пост, гэта не азначае, што ён перастае надаваць увагу і цікавіцца тым, над чым працаваў. Я ўпэўненая, што Джулі – яна дазволіла называць сябе па імені – застанецца сяброўкай для беларусаў і што мы сустрэнемся яшчэ не раз.
Разам з гэтым, мы ўжо на сувязі з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Рубенам Аруцюнянам, і працягнем працу з ім. Бо нашая мэта нязменная: каб у беларусаў была свая мірная, незалежная краіна, у якой усе палітвязні на волі. І гарант працы такой сістэмы – гэта якраз змяняльнасць людзей у дзяржаўным апараце».