Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат–бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст можна па спасылцы.
- Міжнародныя магчымасці
Дарагія чытачы! Звяртаем вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка 2023 прадстаўлены агляд пастаянных формаў міжнароднай дапамогі і падтрымкі для беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў. Агляд не дублюе магчымасці, уключаныя ў гэты выпуск.
– Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва (MAECI, Італія) абвесціла пра сваю ініцыятыву прадастаўлення грантаў для навучальных праграм усіх узроўняў і праграм даследаванняў у дзяржаўных або афіцыйна прызнаных італьянскіх навучальных установах, а таксама для навучання на моўных курсах італьянскай мовы. Гранты будуць прысуджацца на тэрмін навучання працягласцю 6 ці 9 месяцаў. Тэрмін падачы заяўкі – да 9 чэрвеня 2023 года.
– Праграма стыпендый International Excellence Scholarship Program (IES) дае магчымасць матываваным студэнтам, не старэйшым за 28 гадоў, усіх сфераў ведаў з Усходняй і Паўднёва–Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі з адзнакамі вышэй за сярэдні ўзровень правесці семестр за мяжой у Берліне. Гэтая праграма дае студэнтам магчымасць паглыбіць свае веды ў найлепшых нямецкіх універсітэтах (HU Berlin, FU Berlin, HWR Berlin, University of Potsdam). На працягу 6–месячнага знаходжання стыпендыяты актыўна ўдзельнічаюць у жыцці асацыяцыі. У межах праграмы арганізацыя Copernicus Berlin e.V. прапануе розныя формы фінансавання. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 30 чэрвеня 2023 года.
– Дэпартамент Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта абвесціў конкурс на найлепшую дысертацыю ў сферы гуманітарных і сацыяльных навук, прысвечаную праблеме межаў у ХХ стагоддзі паміж Польшчай і сумежнымі краінамі. Удзел у конкурсе адкрыты для дактарантаў з розных краін, уключна з Беларуссю, пры ўмове прадстаўлення дысертацыі, абароненай у польскім універсітэце не раней, чым за 3 гады да аб'яўлення конкурсу. Адбор удзельнікаў ажыццяўляецца ў тры этапы, вынікі конкурсу будуць аб'яўлены 1 верасня. Пераможцу чакае першы прыз у памеры 25 000 злотых, а таксама магчымасць апублікаваць сваю працу. Поўны пералік умоў і патрабаванняў для ўдзелу можна знайсці тут. Прыём заявак – да 30 чэрвеня 2023 года.
– BEROC запрашае беларускіх студэнтаў і нядаўніх выпускнікоў (узрост 18–25 гадоў), зацікаўленых у эканамічных даследаваннях, узяць удзел у новым праекце BEROC Research Lab. Суіскальнікі павінны валодаць наступнымі ведамі і навыкамі: мець базавыя веды ў эканоміцы; быць зацікаўленымі ў правядзенні эканамічных даследаванняў; умець працаваць з дадзенымі; мець базавыя навыкі ў статыстыцы. Веданне англійскай мовы, як і веданне як мінімум адной мовы праграмавання (R, Matlab, Stata, SaS, Python) можа стаць дадатковай перавагай. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 10 чэрвеня 2023 года.
– Цэнтр Іэна Рэмзі па навуцы і рэлігіі Універсітэта Оксфарда, факультэт філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта і факультэт філасофіі Заграбскага ўніверсітэта запрашаюць падаваць заяўкі на праграму Абмену даследчымі праектамі Новага пакалення. Праграма абмену прадаставіць маладым вучоным (студэнтамі магістратуры, якія знаходзяцца на перадапошнім курсе, або студэнтамі першага года аспірантуры) з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія працуюць на скрыжаванні навукі, тэалогіі і філасофіі, магчымасць прыняць удзел у трох майстар–класах, якія цалкам фінансуюцца. Майстар–класы адбудуцца ў Варшаўскім. універсітэце, Заграбскім універсітэце і Універсітэце Оксфарда. Праграма пакрывае ўсе выдаткі, звязаныя з удзелам у майстар–класах. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 28 ліпеня 2023 года.
– Урад Славацкай Рэспублікі ў межах Нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў універсітэтаў, даследчыкаў і мастакоў адкрыў прыём заявак на праходжанне стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 30 кастрычніка 2023 года.
– Еўрасаюз у рамках праграмы «EU4Belarus» рэалізуе грантавую праграму падтрымкі павышэння кваліфікацыі і навучання SALT (Support for Advanced Learning and Training) для беларускіх навукоўцаў, беларускіх выкладчыкаў, вучоных і аспірантаў у вышэйшых навучальных установах і даследчых установах ЕС. Мінімальная сума гранта – 5 855 еўра (3 месяцы), максімальная – 11 435 еўра (6 месяцаў). Праграма таксама дае: штомесячную стыпендыю ў памеры 1860 еўра на працягу максімум 6 месяцаў для пакрыцця расходаў на пражыванне ў прымаючай краіне, а таксама кампенсуе кошт праезду ў памеры не больш як 275 еўра для зваротнай міжнароднай паездкі ў/з краіны пражывання і краіны прымаючай установы. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 чэрвеня 2023 года.
– Фонд Конрада Адэнаўэра дае магчымасць атрымаць стыпендыі для навучання па праграмах магістратуры і PhD. Фонд дае штомесячную стыпендыю для студэнтаў магістрантаў у памеры 861 еўра, для аспірантаў – 1200 еўра, а таксама кампенсацыю затрат на медыцынскую страхоўку, сямейную і дзіцячую дапамогу. Тэрмін падачы заяўкі – да 15 ліпеня 2023 года.
– Helmut–Schmidt–Programme прапануе стыпендыі на навучанне па праграме магістратуры ў сферы публічнай палітыкі і эфектыўнага кіравання. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры 934 еўра на месяц, таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскую страхоўку, на праезд да месца навучання, выдаткі на праходжанне курсаў нямецкай мовы. Тэрмін падачы заяўкі – 31 ліпеня 2023 года.
– Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) абвесціў пра прыём заявак на стыпендыі 2023–2024 гг. ад фонду Герды Хенкель для правядзення грунтоўных даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Працягласць стыпендыяльнай праграмы – 5 месяцаў. Кандыдатам будзе прапанавана штомесячная стыпендыя ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10 адсоткаў) для пакрыцця расходаў на пражыванне. Таксама прадугледжана магчымасць пакрыць выдаткі на праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); выдаткі на навуковую паездку за мяжу ў перыяд стажыроўкі – да 1200 еўра (аднаразовая дапамога) і выдаткі на правядзенне даследавання (100 еўра на месяц). Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук і валодаць англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі на летні семестр – 31 ліпеня 2023 года.
– Еўрапейскі Саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT–II (Support for Advanced learning and training)» абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў. Больш падрабязна па крытэрах адбору ўдзельнікаў і ўмовах праграмы – на сайце арганізатара.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– 3 чэрвеня ў Беластоку адбудзецца канферэнцыя «I Міжнародны дзень беларускай адукацыі». Мерапрыемства прысвечана тэме выкладання беларускай мовы і педагагічным майстэрням у асяроддзі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і ва ўмовах эміграцыі. Удзел – бясплатны, патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя. Праграма канферэнцыі ўключае выступы, лекцыі, дыскусіі, выставы і школьныя прэзентацыі. Арганізатары запрашаюць прыняць удзел настаўнікаў, выхавацеляў, кіраўнікоў груп і заснавальнікаў школ выхаднога дня з беларускай мовай навучання ў Варшаве і іншых гарадах Польшчы.
– Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва) абвяшчае конкурс на вакансію намесніка рэктара па акадэмічных пытаннях. Кандыдату, выбранаму на гэтую ролю, будзе даручана кіраўніцтва акадэмічнай сферай універсітэта, распрацоўка адукацыйнай палітыкі і акадэмічных праграм. Намеснік рэктара будзе адказны за кантроль якасці навучання, развіццё кадраў, кіраванне праграмамі і паляпшэнне выкладання, а таксама будзе звязаны з працэсамі, якія павінны дапамагчы студэнтам паспяхова адаптавацца і дасягаць поспеху ў навучальным працэсе. Гэта ўнікальная магчымасць для кандыдатаў з адпаведным досведам і кваліфікацыяй прыняць удзел у кіраванні і развіцці прэстыжнага ўніверсітэта. Заяўкі на вакансію прымаюцца да 15 чэрвеня 2023 года. Дадатковую інфармацыю і пералік патрабаванняў да кандыдатаў можна знайсці тут.
– Часопіс «Культура. Нацыя» прадставіў 31 выпуск, даступны ў фармаце PDF на афіцыйным сайце выдання. Гэты нумар змяшчае 23 аўтарскія матэрыялы, прысвечаныя розным аспектам культуры і традыцый беларускай нацыі. З 2012 года рэдакцыя часопіса актыўна працуе над стварэннем арыгінальных аналітычных артыкулаў, эсэ і садзейнічае правядзенню дыскусій, а таксама публікуе каментарыі экспертаў па розных сферах, уключаючы гісторыю, мову, літаратуру, сацыялогію ды іншыя пытанні, звязаныя з развіццём нацыянальнай самасвядомасці і ідэнтычнасці. Рэдакцыя зараз актыўна рыхтуецца да выпуску наступнага нумара, які запланаваны на лістапад 2023 года, і запрашае аўтараў да супрацоўніцтва.
– Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага і Беларуская нацыянальная рада моладзі «РАДА» абвясцілі пра запуск праграмы стажыроўкі для беларускіх грамадскіх актывістаў. Праграма прапануе магчымасць пазнаёміцца з паспяховым досведам арганізацый у Літве, Польшчы і Грузіі, а таксама пераасэнсаваць дзейнасць актывістаў. Стажыроўка будзе праходзіць з 1 жніўня па 30 кастрычніка 2023 года. Удзельнікам будуць кампенсаваны расходы на пражыванне, харчаванне, транспарт ды іншыя неабходныя расходы. Заяўкі прымаюцца да 15 чэрвеня 2023 года.
- Рэпрэсіі
– 17 траўня ў Акадэміі навук сілавікі затрымалі Алену Анісім – мовазнаўцу, супрацоўніцу Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, грамадскага дзеяча. Цяпер невядома, куды была дастаўлена Анісім і якія абвінавачанні ёй прад'яўлены. Напярэдадні гэтага затрымання прапагандыстка Вольга Бондар заклікала «ператрэсці Нацыянальную акадэмію навук». Алена Анісім была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў з 2016 па 2019 год, працавала ў пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Таксама яна ўзначальвала Таварыства беларускай мовы з 2017 года да моманту ліквідацыі арганізацыі ў 2021 годзе па рашэнні ўладаў.
– 18 траўня СМІ паведамілі пра затрыманне спявачкі Патрыцыі Свіцінай. У 2020 годзе яна публічна выказалася супраць гвалту і адмовілася ад прэзідэнцкай стыпендыі для таленавітай моладзі. Артыкул, па якім затрымана Свіціна, не быў афіцыйна пазначаны. У відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм–канале, яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года, а таксама ў распаўсюджванні «негатыўных паведамленняў» у адрас сілавых структур і вайскоўцаў. У якасці доказаў, у відэа прадстаўлены скрыншоты з сацыяльных сетак затрыманай.
– Паказальнае затрыманне адбылося ў Высокаўскім аграрным каледжы Брэсцкай вобласці. У прысутнасці аднакурснікаў былі затрыманыя два студэнты па падазрэнні ў парушэнні артыкула 370 КК РБ (абраза дзяржаўных сімвалаў). Імя аднаго з затрыманых стала вядома праваабаронцам: гэта 19–гадовы Елісей Кузняцоў, экс–палітвязень. У лістападзе 2021 года ён быў прысуджаны да 2,5 гадоў «хатняй хіміі», у красавіку 2022 года меру стрымання ўзмацнілі, і Елісея перавялі ў Наваполацкую калонію №1. Тут ён адбыў тэрмін і выйшаў на волю ў снежні таго ж года.
– У афіцыйным інстаграм–акаўнце юрыдычнага факультэта БДУ 23 траўня апублікавалі «пакаяльнае відэа» са студэнтам 3 курса. У запісе малады чалавек прызнаецца, што нібыта распаўсюджваў «дыскрэдытуючыя звесткі ў дачыненні да адміністрацыі і БРСМ». Адвакат Марыя Калесава–Гудзіліна звярнула ўвагу, што дзеянні, звязаныя з падобнай здымкай, падпадаюць пад арт. 426 Крымінальнага кодэкса (злачынства супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца прадстаўніком дзяржавы). Паводле яе слоў, гэта з'яўляецца грубым парушэннем прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек вымушаны непрацэсуальным чынам прызнацца ва ўчыненні забароненых дзеянняў.
– Некалькі супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта былі затрыманыя сілавікамі 23 траўня. У іх ліку выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Алена Храмцова, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Віктар Чараўко і супрацоўніца рэпазітара Ксенія Зуева. Вядома, што Алене Храмцовай інкрымінавалі артыкул 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі) за падпіску на ТГ–калаў Беларусь галаўнога мозгу, а таксама яна была абвешчаная сведкай па крымінальнай справе. Ксенію Зуеву аштрафавалі на 2220 беларускіх рублёў за «пікетаванне». Яшчэ адна затрыманая супрацоўніца ўніверсітэта, справавод дэканата Кацярына Швалюга атрымала штраф у памеры 1110 беларускіх рублёў. 73–гадовую Галіну Шараглазаву, кандыдата тэхнічных навукі і дацэнта кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм, суд прыгаварыў да 10 сутак пазбаўлення волі.
– Па звестках праваабаронцаў, 24 траўня быў затрыманы магістр сацыялагічных навук Андрэй Баханаў. Навукоўцу затрымалі па адміністрацыйным артыкуле «за хуліганства». У Інстытуце сацыялогіі і прэс–службе Нацыянальнай акадэміі навук заявілі, што не валодаюць звесткамі па арышце Баханава.
– 25 траўня суд вынес прысуды беларускаму педагогу і кіраўніку рэпетытарскага цэнтра “100 балаў” Яўгену Лівянту і членам яго сям'і. Усе яны прызнаныя вінаватымі па артыкуле 342 КК за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў і асуджаныя на розныя тэрміны «хатняй хіміі». У межах гэтай справы таксама былі асуджаныя саўладальнік рэпетытарскага цэнтра Аляксей Іваноў і Аляксандра Вільчыцкая.
– Іншага вучонага–сацыёлага, прафесара Юрыя Бубнава, суд прызнаў вінаватым па двух крымінальных артыкулах – 367 і 368 (паклёп і абразу Лукашэнкі) і прыгаварыў 27 мая да двух гадоў пазбаўлення волі. Навуковец віну не прызнаў.
– 29 траўня стала вядома пра затрыманне дырэктара сярэдняй школы №2 горада Ваўкавыска Аляксандра Бацько. На гэты момант прычыны яго затрымання і месцазнаходжанне невядомыя.
- Палітыка рэжыму
– 16 мая ў Беларусі набылі моц папраўкі да закона «Аб воінскім абавязку і воінскай службе». Важныя змяненні датычацца студэнтаў: адменена адтэрміноўка службы для студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, за выключэннем студэнтаў, якія вучацца па накіраванні рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання ў рамках дзяржаўных праграм. Таксама ў законе пазначана, што адтэрміноўка будзе дадзена студэнтам, якія на момант уступлення закона ў моц ужо навучаліся за мяжой ва ўстановах адукацыі вочна і паступілі ў гэтыя ўстановы ва ўзросце да 18 гадоў.
– На нарадзе па ахове здароўя Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць кантроль за працай медыкаў-мэтавікоў. Паводле яго слоў, неабходна зрабіць усё магчымае, каб утрымаць кадры ў рэгіёнах. Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава траціць «каласальныя грошы» на падрыхтоўку ўрачоў і медсясцёр. І на яго думку, выпускнікі павінны адпрацоўваць размеркаванне пяць год.
– Міністэрства адукацыі даслала ў БДПУ імя М. Танка дакумент, дзе зазначаецца, што некаторыя тэмы курсавых і дыпломных работ, выбраных студэнтамі і аспірантамі, супярэчаць «нацыянальным традыцыйным каштоўнасцям і арыенцірам беларускага народа ў сферы палавога выхавання моладзі». Дакумент, падпісаны намеснікам міністрам адукацыі Аляксандрам Кадлубаем, змяшчае рэкамендацыю кантраляваць выбар тым, каб «прадухіліць змяненне паняццяў «шлюб» і «сям'я», якія абаронены ў Канстытуцыі”, а таксама не дапусціць прасоўвання аднаполых шлюбаў і трансгендарных змен. Прадстаўнік Міністэрства адукацыі пацвердзіў, што дакумент быў адпраўлены ва ўсе навучальныя ўстановы і растлумачыў, як павінна адбывацца ўзгадненне выбраных тэм.
– У Бабруйскай крэпасці плануецца стварэнне цэнтра патрыятычнага выхавання і музейнай экспазіцыі з фінансаваннем з бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Канцэпцыю рэканструкцыі распрацоўвае інстытут «Белдзяржпраект». Мяркуецца, што цэнтр і экспазіцыя будуць размешчаны на месцы былога лагера для савецкіх ваеннапалонных, вядомага як «Шталаг № 131». Улады таксама плануюць правесці рэстаўрацыю рэдзюіта, аднавіць Мінскія вароты і абарончыя валы, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю.
– Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, Ігар Сяргеенка, выказаў незадаволенасць роляй і статусам Беларускага Рэспубліканскага Саюза Моладзі (БРСМ) ва ўніверсітэтах, сцвярджаючы, што ні кіраўніцтва ВНУ, ні самі студэнты не лічаць яго вядучай грамадскай арганізацыяй. Ён таксама раскрытыкаваў студэнтаў за «недастатковы патрыятызм», прыводзячы вынікі даследавання, паводле якіх толькі 15,6% моладзі назвалі «любоў да Радзімы» важнай для сябе каштоўнасцю. Сяргеенка звярнуў увагу на праблему адсутнасці адзінай ідэалагічнай вертыкалі ў ВНУ, дзе адказнасць за арганізацыю такой працы часта кладзецца на звычайных выкладчыкаў. Ён таксама падкрэсліў негатыўны ўплыў на светапогляд студэнтаў інтэрнэт-тэхналогій, сацыяльных сетак і тэлеграм-каналаў, якія распаўсюджваюць інфармацыю, якая «носіць дэструктыўны, разбуральны характар, прывіваючы моладзі чужыя нам каштоўнасці, спараджаючы негатыўнае стаўленне да грамадства і дзяржавы».
– У адпаведнасці з загадам рэктара аднаго з беларускіх універсітэтаў, выкладчыкі-куратары цяпер абавязаныя маніторыць актыўнасць студэнтаў І-ІІІ курсаў у сацыяльных сетках і чатах. Кожны месяц ім неабходна складаць справаздачы ў форме спецыяльна распрацаванай табліцы, дзе ў ліку іншага куратары павінны адзначаць наяўнасць «экстрэмісцкай інфармацыі» на старонках студэнтаў.
– Тэлеграм–канал «Беларусь галаўнога мозгу» апублікаваў спіс прапагандысцкіх фільмаў, якія дэманструюць у школах. Спіс у рэдакцыю канала даслаў адзін з падпісчыкаў. У пераліку – дакументальны цыкл «Без тэрміну даўніны» пра генацыд беларускага народа, а таксама шэраг дакументальных прац БТ і АНТ («Аперацыя Манкурты», «Краіна для бляхі», «БАЙ–БАЙ, ТУТБАЙ» ды інш.).
– Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка выказаў меркаванне, каго лічыць нацыянальным героем Беларусі, а каго не. Паводле яго слоў, нацыянальны герой – гэта той, хто гатовы праявіць мужнасць, ахвяраваць сабой, абараняючы радзіму і народ. У той жа час, Сяргеенка адзначыў, што патрэбны дакладныя крытэры для «фарміравання пантэона нацыянальных герояў». У якасці прыкладу «супярэчлівага персанажа» і таго, як «сфальсіфікаваная выява нацыянальнага героя здольны ў роўнай ступені як аб'яднаць, так і раскалоць грамадства», чыноўнік прывёў імёны Касцюшкі і Каліноўскага.