Святлана Ціханоўская сустрэлася з сенатарамі ЗША Джын Шейхін, Крысам Мерфі і Робам Портманам у Вільні.
На сустрэчы беларуская лідарка:
– падзякавала сенатарам за цесную працу з беларускай дыяспарай над тым, каб Беларусь была на парадку дня ў ЗША;
– падзякавала ЗША за актыўныя крокі дапамогі беларусам, уключаючы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі;
– падкрэсліла: апошнія падзеі ў Беларусі паказалі, што Лукашэнка – пагроза не толькі беларускай, але і міжнароднай бяспецы;
– заклікала ЗША падтрымаць разгляд беларускага крызісу ў Радзе Бяспекі ААН, які ініцыюе Эстонія як старшыня арганізацыі з чэрвеня;
– атрымала запрашэнне на візіт у Вашынгтон і выступ у Сенаце ЗША;
– абмеркавала саміт G7 у Лондане і будучую сустрэчу Байдэна і Пуціна ў Жэневе;
– заклікала даць выразны сігнал Расіі, што любыя пагадненні, падпісаныя з нелегітымным Лукашэнкам, будуць перагледжаныя або адмененыя;
– заклікала ініцыяваць і арганізаваць міжнародную канферэнцыю па вырашэнні крызісу ў Беларусі;
– заклікала ЗША падтрымаць крокі ЕС па аказанні эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі;
– прапанавала арганізаваць у Кангрэсе ЗША фракцыю для падтрымкі Беларусі;
– заклікала распрацаваць праграмы падтрымкі палітвязняў, рэпрэсаваных беларусаў, свабодных медыя, а таксама стварыць беларускую службу ў медыя «Голас Амерыкі».
«Упершыню міжнародная супольнасць адчула на сабе грэбаванне нормамі, непавагу да чалавечых жыццяў і годнасці ў стылі Лукашэнкі. Беларусы ўжо год існуюць у гэтым сістэматычным гвалце штодня. Патрэбная больш моцная рэакцыя, якая адэкватна адпавядала б маштабам злачынстваў Лукашэнкі», – заявіла Святлана Ціханоўская.