12 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла перамовы са Шведскай камісіяй па абароне ў Вільні. У Камісію ўваходзяць прадстаўнікі ўраду, узброеных сілаў, парламенту ды ўсіх палітычных партыяў Швецыі.
Святлана Ціханоўская заклікала Швецыю заняць цвёрдую пазіцыю ў абароне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі – не прызнаваць Лукашэнку легітымным кіраўніком і не пасылаць у Беларусь новага амбасадара.
Беларуская лідарка таксама падкрэсліла важнасць падтрымкі культурніцкіх і адукацыйных праектаў, якія накіраваныя на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Акрамя гэтага, яна заклікала Шведскую камісію па абароне падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Ціханоўская таксама заклікала паспрыяць легалізацыі беларусаў Швецыі, згадаўшы сітуацыю прафсаюзнай лідаркі Алы Цвірко – ёй было адмоўлена ў прытулку з прычыны таго, што Беларусь фармальна лічыцца бяспечнай краінай для вяртання.