Сёння Святлана Ціханоўская стэлефанавалася са Святланай Алексіевіч, аўтаркай «Чарнобыльскай малітвы» і адзінай беларускай пісьменніцай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію.
Яны абмеркавалі гадавіну Чарнобыльскай катастрофы і бягучую сітуацыю ў Беларусі, якую можна назваць палітычным Чарнобылем. Шмат казалі пра дапамогу рэпрэсаваным беларусам, масавыя судовыя працэсы над палітвязнямі і апошнія заявы рэжыму. Святлана Алексіевіч распавяла пра стан свайго здароўя і пра тое, як ёй дапамагаюць нямецкія ўлады, паведаміла, як прасоўваецца праца над новай кнігай і падзякавала Ціханоўскай за працу, пажадаўшы сілы, упэўненасці і аптымізму.
Гэта не першыя зносіны Ціханоўскай і Алексіевіч, у снежні 2020 года яны сустракаліся ў Берліне.