Ціханоўская: «Учора, 5 студзеня, Зміцер Дудойць скончыў жыццё самагубствам, скокнуўшы з маста. Ён быў асуджаны «судом» да двух гадоў «хіміі» за каментар, які пакінуў у «Аднакласніках».
«Хімія» – гэта ўзаконенае рабства, дзе чалавек займаецца нізкакваліфікаванай працай і зведвае прыніжэнні. Мы не ведаем, што прывяло яго на той мост, але ведаем, якія невыносныя ўмовы, у якіх Дзмітрый знаходзіўся. І ўсё гэта – за напісаныя яшчэ да выбараў шэсць слоў.
Балюча чытаць і чуць падобныя навіны. Беларус, які мог бы шмат дзесяцігоддзяў будаваць разам з усімі краіну для жыцця, трапляе на «хімію» і сыходзіць з жыцця. Я хачу выказаць спачуванні родным і блізкім Дзмітрыя Дудойця. Беларусы не павінны паміраць з-за нежадання аднаго чалавека прыняць рэальнасць і сысці».